22.11.2024

Віктар Малашка нарадзіўся 22 лістапада 1949 г. у вёсцы Жырмоны Уздзенскага раёна Мінскай вобласці. З ранняга ўзросту выяўляў цікавасць да прыроды і жывёлаў, што ў далейшым вызначыла выбар прафесіі. У 1976 г. з адзнакай скончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут па спецыяльнасці «ветэрынарная медыцына». Сваю працоўную дзейнасць пачаў у Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, дзе, зарэкамендаваўшы сябе як таленавіты педагог і даследчык, у 1987 г. быў прызначаны загадчыкам кафедры. З 2000 г. працягнуў сваю кар'еру ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце, дзе заняў пасаду загадчыка кафедры анатоміі жывёл, а з 2011 г. – дэкана факультэта ветэрынарнай медыцыны.

У 1993 г. Віктар Малашка абараніў дысертацыю і стаў доктарам ветэрынарных навук, а ў 1994 г. прысвоены тытул прафесара. У 2004 г. абраны членам-карэспандэнтам Міжнароднай акадэміі экалогіі.

Навуковыя інтарэсы вучонага ахопліваюць мноства сучасных напрамкаў, уключаючы электронную мікраскапію, гістахімію, лазерныя тэхналогіі ў ветэрынарыі і прымяненне біястымулятараў.

В. Малашка мае 4 аўтарскія пасведчанні. Пад асабістым кіраўніцтвам ім падрыхтавана 17 кандыдатаў навук. Прафесар узнагароджаны ганаровым медалём імя Гумбальта (Германія) за раскрыццё механізму дзеяння росту стымулятараў на арганізм жывёл. Акрамя некалькіх спецыялізацый ў галіне ветэрынарыі, мае медыцынскую і журналісцкую адукацыю.        

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (FacebookInstagramTelegram, VK).


Фота: НЦІУ
Вверх