Беларусь у асобах: Сідарэнка Георгій Іванавіч
22 августа 2025
Цікавае
Георгій Іванавіч Сідарэнка з’яўляецца адным з заснавальнікаў кардыялагічнай навукі ў Беларусі. З яго імём звязаны станаўленне і развіццё кардыялагічнай службы ў нашай краіне.
Нарадзіўся 21 жніўня 1925 г. у Кіеве ў сям’і служачага. У 1932 г. разам з бацькамі пераехаў у Беларусь. Падчас Вялікай Айчыннай вайны Г. Сідарэнка дабравольцам пайшоў на фронт, быў цяжка паранены ў 1944 г. Скончыў Мінскі медыцынскі інстытут (1950). Вучыўся ў клінічнай ардынатуры пры кафедры тэрапіі, праводзіў заняткі па электракардыяграфіі для студэнтаў і ўрачоў. З 1961 г. працаваў на кафедры факультэцкай тэрапіі, дзе прайшоў шлях ад асістэнта да загадчыка кафедры.
У 1956 г. Герогій Сідарэнка абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму ««Клініка-эксперыментальнае даследванне пры ачаговых пашкоджаннях міякарду», у 1968 г. – доктарскую на тэму ««Індывідуалізацыя фармакатэрапіі пры дапамозе сістэм з біялагічнай зваротнай сувяз’ю». Вучонае званне прафесара было прысвоена ў 1969 г. З’яўляўся членам-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР (1974), акадэмікам АН Беларусі (1996). З 1977 па 1993 г. займаў пасаду дырэктара Беларускага навукова-даследчага інстытута кардыялогіі.
Георгій Іванавіч падрыхтаваў больш за 900 навуковых прац па праблемах дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі гіпертанічнай хваробы, ішэмічнай хваробы сэрца, парушэнняў сардэчнай дзейнасці, фізіялогіі кровазвароту, работы сэрца з пазіцыі біяфізікі нелінейных сістэм, развіцця атэрасклерозу, рэгуляцыі сардэчна-сасудзістых захворванняў, медыцынскай кібернетыкі, біякіроўнай фармакатэрапіі і інш.
Вучоны займаўся пытаннямі стварэння новых лекавых сродкаў для прафілактыкі і лячэння сардэчна-сасудзістых захворванняў. Пад яго кіраўніцтвам распрацавана і ўкаранёна серыя інфармацыйных дыягнастычных сістэм, якія прызначаны для кантролю і даследавання парушэнняў сардэчнага рытму і гемадынамікі ў розных зонах арганізма.
Г. Сідарэнка прымаў удзел у рабоце Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. У 1964-2000 гг. з’яўляўся прэзідэнтам Беларускага навуковага таварыства кардыёлагаў, у 1994-1996 гг. быў прэзідэнтам Асацыяцыі кардыёлагаў краін СНД, уваходзіў у рэдкалегію выданняў ««Кардыялогія», ««Міжнародны медыцынскі часопіс», ««Медыцынскія навіны».
Георгій Іванавіч меў больш за 150 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў на вынаходствы. Пад яго кіраўніцтвам было падрыхтавана 17 дактароў і 54 кандыдаты навук.
У 1985-м Г. Сідарэнка атрымаў ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі БССР, у 1990 г. ‒ заслужанага вынаходніка Беларусі. У 1996 г. за цыкл прац ««Стварэнне новых метадаў і апаратуры для дыягностыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў на аснове мікрапрацэсарных і камп’ютарных тэхналогій» быў удастоены Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі. Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1975), Айчыннай вайны I ступені (1985), Айчыны III ступені (2000), медалямі.
Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram, VK).
Фота: НЦІУ