Жыць, змагацца і тварыць – Аркашаў Васіль Іванавіч

20 июня 2024

Цікавае

Васіль Іванавіч Аркашаў, фотакарэспандэнт, член Саюза журналістаў СССР, заслужаны работнік культуры Беларусі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі (1944, 1945), ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені (1985), медалямі. Нарадзіўся 26 красавіка 1914 г. у в. Радзічы Рослаўльскага павета Смаленскай вобласці. У 1933 г. скончыў курсы фотапрэс-бюро ў Харкаве. У 1936 г. быў прызваны на тэрміновую службу ў армію, па завяршэнні якой стаў фотакарэспандэнтам газеты Беларускай ваеннай акругі «Чырвонаармейская праўда».

З першага і да апошняга дня Вялікай Айчыннай вайны Васіль Аркашаў знаходзіўся ў дзеючай арміі. Будучы фотакарэспандэнтам газеты 3-га Беларускага фронту «Знішчым ворага», ён прайшоў шлях ад Мінска да Масквы ў 1941 г. і назад – праз Гжатск, Смаленск, беларускія гарады Азарычы, Калінкавічы, Бабруйск і завяршыў франтавы летапіс у Кёнігсбергу.

Сярод яго вядомых кадраў – нямецка-фашысцкі штурмавік Hs 129 («Апошняе піке», 1942) і «Добры дзень, маці Беларусь!» (1944).

внутрь бел.jpg

В. Аркашаў успамінаў, што ў фотарэпарцёраў у гады вайны не было добрай апаратуры са зменнымі тэлеаб'ектывамі, з дапамогай якіх можна было здымаць поле бою здалёк, таму даводзілася рухацца бліжэй да эпіцэнтра падзей: «Далей чым на 30-35 метраў ад аб'екта здымкі выдаляцца было нельга, натуральна, фотакарэспандэнты вельмі рызыкавалі».

У пасляваенныя гады працягваў працаваць у ваеннай прэсе ў Мінску, а ў 1971 г. стаў фотакарэспандэнтам творчай студыі Саюза журналістаў Беларусі «Фота і жыццё».

У 1969 г. выйшаў альбом В. Аркашава «Франтавымі дарогамі». Працягваючы апавяданне пра лёсы герояў вайны, ён напісаў кнігу дакументальных апавяданняў «Мы сустракаліся ў баі».

Франтавыя фотаздымкі, зробленыя Васілём Аркашавым – своеасаблівы летапіс Вялікай Айчыннай вайны. На міжнародным конкурсе газеты «Праўда» ў 1975 г. яны былі ўдастоены першай прэміі. На Усесаюзнай выставе, прысвечанай 30-годдзю Перамогі, – сярэбранага медаля і дыплома 2-й ступені.

Па матэрыялах Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фота: НЦІУ