Беларусь у асобах: Карызна Уладзімір Іванавіч
20 декабря 2024
Цікавае
Уладзімір Карызна нарадзіўся 25 мая 1938 г. у вёсцы Закружка Мінскага раёна ў сялянскай сям’і. Прыгажосць музыкі адчуў яшчэ з маленства. У бацькоўскай хаце і ў святы, і ў будні гучалі народныя песні і музыка. Яшчэ юнаком спрабаваў пісаць вершы. Пасля заканчэння школы паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Выкладаў беларускую і рускую мову і літаратуру ў Опсаўскай сярэдняй школе на Браслаўшчыне, адначасова ўзначальваў літаратурнае аб’яднанне пры раённай газеце «Браслаўская звязда». З 1967 па 1980 г. быў рэдактарам, старшым рэдактарам, загадчыкам аддзела беларускай музыкі Рэспубліканскага радыё. Пасля працаваў у часопісе «Полымя», выдавецтве «Юнацтва», часопісе «Крыніца».
Першы верш У. Карызны быў надрукаваны ў 1956 г. у газеце «Чырвоная змена» падчас вучобы ва ўніверсітэце. Друкаваўся ў «Настаўніцкай газеце», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» і інш.
Першы зборнік лірыкі «Край мой сінявокі» выйшаў у 1963 г. Тэмы яго твораў – памяць мінулай вайны, любоў да роднага краю, жыццё і праца, шчасце, радасць і паўсядзённы клопат сучасніка. Творчая дзейнасць аўтара бярэ свае вытокі з беларускага фальклору, які ён умее падпарадкаваць сённяшняму дню, аздобіць новымі формамі і вобразамі. Больш за 200 вершаў У. Карызны пакладзены на музыку. Выдадзены зборнікі песень «Клубныя вечары» (1979), «Люблю цябе, Белая Русь» (1984), «Салавей спявае» (1990), «Гэта наша Радзіма» (1998).
Напеўнасць і лірызм паэзіі У. Карызны такія яскравыя, што да яе звярталіся і звяртаюцца кампазітары ўсіх пакаленняў: А. Багатыроў, Ю. Семяняка, І. Лучанок, Я. Глебаў, Л. Захлеўны, Дз. Смольскі, Э. Ханок і інш. На вершы паэта беларускімі кампазітарамі створаны вакальныя цыклы «Поры года», «Я люблю цябе», кантаты «Зямля мая», «Песні дзявочага кахання», араторыя «Дзень Радзімы». У творчым багажы паэта-песенніка больш за 50 песень: «Гады маладыя», «Вішанька», «Даўно ў той хаце не была», «Пала цёплая ночка», «Ты скажы, мая бярозка», «Школьная-развітальная», «Песня аб Браславе» і інш.
Уладзімір Карызна яшчэ і цудоўны дзіцячы паэт. Першая яго кніжка для дзяцей «На сяле ў бабулі» выйшла ў 1975 г., пазней былі і іншыя – «Малююць дзеці» (з А. Вольскім, 1984), «Зямля – два паўшар’і» (1988), «Мір і сонейка для ўсіх» (1990), «Хітры і мудры» (1994), «Насціна кніжка» (1995) і інш. Паэт пераклаў нямала дзіцячых твораў для «Бібліятэкі дзіцячай літаратуры народаў СССР» у 15 тамах, 16 кнігах. За ўдзел у стварэнні «Бібліятэкі…» ён быў удастоены звання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1996).
У. Карызна стаў стваральнікам новага Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, перапрацаваўшы тэкст М. Клімковіча. За гэту працу ў 2002 г. паэт быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 снежня 2024 г. № 462 Уладзіміру Карызне прысвоена ганаровае званне Народнага паэта Беларусі.
Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram, VK).
Фота: НЦІУ