Нарадзіўся Мікалай Іванавіч Байрачны 22 снежня 1950 г. у г. Баку. У 1976 г. скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (вучыўся ў М. Бяляева, Т. Паражняка). Удзельнік мастацкіх выставак з 1974 г. Член Беларускага саюза мастакоў з 1980 г.
Мікалай Іванавіч Байрачны працуе ў галінах керамікі, станковай скульптуры, кніжнай ілюстрацыі, мультыплікацыі. Асноўныя творы: дэкаратыўныя кампазіцыі «Ганчар» (1978), «Гарачы вецер» (1982), «Пераможца» (1992), «Пакуль зямля яшчэ круціцца» (1993), «Куды ідзеш?» (1994) і інш. Працаваў над дэкаратыўна-скульптурным афармленнем інтэр'ераў Малой залы Рускага драматычнага тэатра імя М. Горкага, Нацыянальнага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (былы Палац піянераў), рэстарана «Планета» (Мінск), рэстарана «Бярэзіна» (Барысаў), кафэ «Батлейка».
Аўтар бронзавага помніку ўсім ахвярам кахання («Муму») у г. Анфлёр (Францыя); ілюстрацый да кніг беларускіх і замежных пісьменнікаў (у пераважнай большасці да кніг выдавецтва «Юнацтва»). Мастак мультфільмаў «Хто» (1986), «Асенні фатограф», «Пасля прылёту марсіян», «Мая мама Чараўніца» (1990) і інш. Работы Мікалая Байрачнага вызначаюцца высокім прафесійным майстэрствам, нацыянальным каларытам, тонкім разуменнем матэрыялу, багаццем пластычных вобразаў. У 2009 г. М. Байрачным створаны з бронзы скульптурныя выявы тэатральных лялек для ўпрыгажэння Вялікага тэатра Беларусі – метровыя выявы скрыпача, віяланчэліста, дамы і кавалера з французскага балета ў пышных барочных касцюмах, размешчаныя ў фае тэатра на спецыяльных тумбах.
Яшчэ адзін бок таленту мастака – «касцюмныя лялькі», якія ён стварае разам са сваёй жонкай – архітэктарам А. Байрачнай. Гэта абсалютна новы для беларускага мастацтва від творчасці, які не мае аналагаў. Лялькі-статуі 70 см вышынёй у натуральнай вопратцы з тканіны з мноствам каштоўных і гістарычна дакладных аксесуараў экспануюцца на шматлікіх тэматычных мастацкіх выстаўках.
Работы М. Байрачнага знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Музеі Акадэміі мастацтваў Расіі і інш.
Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram, VK).
Фота: НЦІУ