Беларусь у асобах: Браім Васіль Яфімавіч

19 июля 2024

Цікавае

Васіль Яфімавіч Браім нарадзіўся 20 ліпеня 1954 г. у в. Ляскавічы (Петрыкаўскі раён, Гомельская вобласць) у простай сялянскай сям’і. Навыкі музычнага выканання атрымаў дома, а ўдасканальваў іх у школе, дзякуючы ўрокам спеваў і ўдзелу ў агульнашкольным хоры. Пасля заканчэння школы (1971) некаторы час працаваў лабарантам і справаводам у Ленінскай сярэдняй школе Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці.

Пасля службы ў арміі ў 1974 г. Васіль Яфімавіч Браім паступіў у Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны на эканамічны факультэт. Пасля заканчэння ўніверсітэта атрымаў размеркаванне на Вілейскі завод «Зеніт», дзе працаваў на розных інжынерных пасадах. У вольны ад працы час Васіль Яфімавіч выступаў у народным хоры завода (мастацкі кіраўнік – заслужаны работнік культуры БССР А. Шагаў) і ў хоры Вілейскага гарадскога дома культуры.

У 1983 г. В.Я. Браім пераехаў у Гомель, стаў працаваць на Гомельскім заводзе ліцця і нармалей. І тут ён працягваў спяваць, прымаючы актыўны ўдзел у мастацкай самадзейнасці. Пасля чарговага конкурсу яго запрасілі ў Камерны хор Гомельскай філармоніі. У 1986 г. Васіль Яфімавіч Браім праходзіць праслухоўванне ў Дзяржаўны народны хор БССР. Яшчэ падчас працы ў філармоніі В. Браім паступіў на завочнае аддзяленне Мінскага музычнага вучылішча імя. М. І. Глінкі, якое скончыў у 1990 г. па спецыяльнасці «харавое дырыжыраванне». У тым жа годзе В. Я. Браім паступіў у Расійскую акадэмію музыкі імя Гнесіных, закончыў у 1994 г. па спецыяльнасці «сольныя народныя спевы», пасля чаго атрымаў запрашэнне працаваць у Нацыянальным народным хоры Рэспублікі Беларусь.

1.01.png

Разам з калектывам Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цытовіча Васіль Яфімавіч Браім прымаў удзел у міжнародных конкурсах і фестывалях. На рахунку народнага хору некалькі тысяч выступленняў, якія праходзілі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі і за мяжой (Германія, Канада, Кітай, Манака, Славакія, Чэхія).

В. Браіму прысвоена ганаровае званне «Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь» (2002), узнагароджаны Прэзідыумам праўлення Беларускага саюза музычных дзеячаў Ганаровай граматай за высокае прафесійнае майстэрства і асабісты ўклад у развіццё харавога мастацтва Беларусі (2004).

Васіль Яфімавіч падрыхтаваў цэлую плеяду артыстаў, якія дасягнулі значных творчых поспехаў, сярод іх Паліна Смолава (лаўрэат рэспубліканскага конкурсу, гран-пры Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар» у Віцебску»); Таццяна Лазоўская (салістка заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля народнай музыкі «Бяседа») і інш.

В.Я. Браім па-ранейшаму з'яўляецца салістам Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цытовіча, таксама працуе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва на пасадзе дацэнта, аказвае метадычную і практычную дапамогу некаторым калектывам і выканаўцам народных песень сталіцы і рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь.

Па матэрыялах Нацыянальнага адукацыйнага парталу

Больш навін інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фота: НЦІУ