Беларускаму дзяржаўнаму ансамблю народнай музыкі «Свята» – 40!

18 октября 2024

Цікавае

Першы ў Беларусі прафесійны фальклорны ансамбль, які пачаў адраджаць народную музычную спадчыну, сёлета адзначае сваё 40-годдзе. Ансамбль быў створаны пры Беларускай дзяржаўнай філармоніі 19 кастрычніка 1984 г. Канцэртная праграма ансамбля была пабудавана на музычным фальклоры Беларускага Палесся – скарбніцы духоўнай культуры заходніх славян. Найгрышы і песні, запісаныя непасрэдна ў народных музыкаў і выкананыя на старых і традыцыйных інструментах з захаваннем манеры і каларыту гучання, сталі блізкія і зразумелыя не толькі беларусам.

Спалучэнне музыкі і танца дало магчымасць ствараць яркія канцэртныя праграмы, якія з вялікім поспехам прымаюцца як на радзіме, так і далёка за яе межамі. Ансамбль «Свята» не раз прымаў удзел у міжнародных фестывалях мастацтваў, выступаў з канцэртамі ў Азербайджане, Аўстрыі, Венгрыі, Венесуэле, Вялікабрытаніі, Германіі, Індыі, Італіі, Канадзе, Карэі, Кітаі, Лаосе, Латвіі, Літве, Малдове, Польшчы, Расіі, Туркменістане, Узбекістане, Францыі, Эстоніі, Эфіопіі,

адзначаўся дыпломамі і ўзнагародамі. За час свайго існавання ансамбль даў больш за 20 000 канцэртаў.

На радзіме працягваецца актыўная канцэртная дзейнасць: штогод ансамбль дае каля 65 канцэртаў, у тым ліку дабрачынных. Актыўна ўдзельнічае ў рэспубліканскіх акцыях, мерапрыемствах, а таксама ў канцэртах, прысвечаных святочным датам.

У свой час у Беларускім дзяржаўным ансамблі народнай музыкі «Свята» працавалі заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Васіль Купрыяненка (стваральнік ансамбля), народны артыст Беларусі Якаў Навуменка, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Мікалай Дудчанка, пастаноўшчык, фалькларыст Мікалай Котаў, салісты Міхаіл Пацук, Наталля Брацлоўская, артысты балета Валерый Ларыёнаў, Марына і Мікалай Драпеза, танцор і барабаншчык Андрэй Маханек, аўтар песні «Чарка на пасашок» Аляксандр Балотнік і інш.

Калектыў узнагароджаны Ганаровай граматай ГА «БРСМ» за вялікі ўклад у выхаванне творчай моладзі (2004 г.), Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2004 г.), Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь за заслугі ў рэалізацыі сацыяльнай палітыкі Рэспублікі Беларусь, значны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры і шматгадовую дзейнасць па прапагандзе беларускага народнага мастацтва (2011 г.), Ганаровай граматай Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта за шматгадовую плённую дзейнасць па прапагандзе і папулярызацыі беларускага фальклорнага мастацтва і выдатныя творчыя дасягненні (2019 г.), Ганаровай граматай прафсаюза работнікаў культуры, спорту і інфармацыі (2019 г.).

31 снежня 2019 г. Беларускаму дзяржаўнаму ансамблю народнай музыкі «Свята» прысвоена ганаровае званне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь».

Склад калектыву – 23 чалавекі. Мастацкі кіраўнік – уладальнік медаля Францыска Скарыны Вячаслаў Статкевіч.

У цяперашні час у рэпертуары ансамбля мноства канцэртных праграм, якія ўключаюць у сябе сінтэз розных жанраў мастацтва, што з'яўляецца візітнай карткай калектыву. У рамках аднаго канцэрта можна пачуць беларускія народныя і аўтарскія песні, любімыя хіты ў арыгінальнай апрацоўцы, убачыць выдатныя пастаноўкі танцаў з элементамі ўвасаблення беларускіх нацыянальных традыцый.

Па матэрыялах Беларускай дзяржаўнай філармоніі

Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (FacebookInstagramTelegram, VK).


Фота: НЦІУ