Жыць, змагацца і тварыць – Багатыроў Анатоль Васільевіч
18 июня 2024
Цікавае
Анатоль Васільевіч Багатыроў нарадзіўся 13 жніўня 1913 г. у Віцебску ў сям'і настаўніка. Дом Багатыровых у розны час наведвалі знакамітыя людзі: дырыжор М. Малько, кампазітар Д. Шастаковіч, мастакі М. Шагал і К. Малевіч. Музыкай займаўся з 8 гадоў, вучыўся ў Беларускім дзяржаўным музычным тэхнікуме (сёння Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М. В. Глінкі) на аддзяленні фартэпіяна па спецыяльнасцях піяніста і кампазітара. Навучанне юнак сумяшчаў з канцэртмайстарскай працай у Беларускай студыі оперы і балета і на радыё. У 1937 г. скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя А. В. Луначарскага (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі) па класе кампазіцыі прафесара В. Залатарова.
У вялікае мастацтва А. Багатыроў увайшоў з кантатай «Сказ пра мядзведзіху» на вершы А. С. Пушкіна. У 1939 г. з'явілася опера «У пушчах Палесся» (паводле аповесці Я. Коласа «Дрыгва»), якая была пастаўлена на сцэне Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР у 1939 г. і паказана ў Вялікім тэатры СССР падчас Першай дэкады беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве (1940). У 1941 г. кампазітар узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Анатоль Багатыроў быў эвакуіраваны, працаваў намеснікам дырэктара ў Свярдлоўскай кансерваторыі (цяпер Уральская дзяржаўная кансерваторыя імя М. П. Мусаргскага). У гэты час кампазітар напісаў хоры, кантанты «Ленінградцы» (1942) на вершы Джамбула, «Беларускім партызанам» (1942) па вершах Я.Купалы. Працягам ваеннай тэмы стала араторыя «Бітва за Беларусь», напісаная ў гонар перамогі над фашысцкай Германіяй, якая з'яўляецца адным са значных дасягненняў беларускай музыкі на героіка-патрыятычную тэматыку.
Пасляваенныя гады для А. Багатырова – час здзяйснення творчых задум, росквіту кампазітарскай дзейнасці. З 1948 па 2003 г. Анатоль Багатыроў працаваў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (на пасадзе рэктара да 1962 г.). Там ён выкладаў клас кампазіцыі і за гэты час выхаваў больш за 30 вядомых кампазітараў, сярод якіх Ю. Семяняка, Г. Вагнер, Я. Глебаў, Д. Смольскі, І. Лучанок, С. Картэс, А. Мдывані, В. Войцік, У. Солтан, А. Хадоска, Э. Тырманд, У. Буднік, Л. Захлеўны, М. Літвін, Л. Мурашка і інш.
Анатоль Багатыроў – аўтар больш за 80 вакальных твораў. Творы кампазітара ўваходзяць у залаты фонд беларускай музыкі.
Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).
Фота: НЦІУ