Беларусь у асобах: Каласенцава Ала Мікалаеўна
17 октября 2025
Цікавае
Ала Мікалаеўна Каласенцава нарадзілася 19 кастрычніка 1955 г. у Магілёве. Скончыла Мінскае мастацкае вучылішча (1974) (цяпер Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А.К. Глебава), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1981) (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Вучылася ў В. Малішэўскага, М. Данцыга, В. Грамыкі. Выкладала ў Мінскім мастацкім вучылішчы, Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. Цяпер працуе ў Мінскім каледжы тэхналогіі і дызайну лёгкай прамысловасці на аддзяленні дызайну.
Удзельнік мастацкіх выставак з 1981 г. Член Беларускага саюза мастакоў (1988). Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу. Сярод работ: «Начны лес» (1987), «Востраў жыцця», «Белая карусель», «Зямля маіх продкаў» (1989), «Падніколле», «У цёплы дзень» (1991), «Пейзаж горада Магілёва» (1993), «Успамін» (1996), «Адраджэнне – Ф. Скарына, С. Полацкі, Е. Полацкая» (1999), «Дабравешчанне» (1999-2001), «Партрэт з яблыкам», «Муза», «Сцяжынка ўздоўж берага Дняпра», дыптых «Гарачы дзень» (2015), трыпціх «Перад навальніцай на Дняпры, Падніколле» (2015); серыі «Залатая восень. Лупалава» (1989), «Прагулкі па Элцы» (2005).
Ала Каласенцава – аўтар навучальных дапаможнікаў для устаноў вышэйшай адукацыі па архітэктуры, дызайне, інтэр'еру, экстэр'еру. Лаўрэат прэміі імя У.А. Караля Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі (2000).
Творы мастачкі знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Е.Р. Раманава, Літаратурным музеі А. Блока ў в. Лапаціна Пінскага раёна Брэсцкай вобласці, фондзе Беларускага саюза мастакоў, прыватных калекцыях Балгарыі, Германіі, ЗША, Польшчы, Расіі, Францыі, Чэхіі, Швейцарыі.
Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram, VK).
Фота: НЦІУ