Карысныя рэсурсы ў сферы інтэлектуальнай уласнасці: Еўрапейская пошукавая сістэма Espacenet
17 февраля 2025
Цікавае
Бясплатная пошукавая сістэма Espacenet, створаная спецыялістамі Еўрапейскага патэнтнага ведамства, прызначана для экспертаў і патэнтных аналітыкаў, якія працуюць з вялікімі масівамі даных з многіх краін свету. Для гэтага ў калекцыю Espacenet уключаны патэнтныя дакументы больш за дзевяноста развітых дзяржаў і рэгіянальных арганізацый.
Сістэма дае на выбар некалькі відаў патэнтнага пошуку:
- інтэлектуальны пошук, які прадугледжвае спалучэнне ў адным радку некалькіх пошукавых тэрмінаў і лагічных аператараў;
- пашыраны пошук, які прадугледжвае выкарыстанне вялікай колькасці пошукавых палёў;
- пошук сярод індэксаў Сумеснай патэнтнай класіфікацыі.
Найбольш зручны рэжым прасунутага пошуку («Advanced search») дае карыстальніку магчымасць адначасова шукаць ключавыя словы ў патэнтных тэкстах, нумары і даты патэнтных публікацый, назвы заяўнікаў, прозвішчы вынаходнікаў і індэксы патэнтнай класіфікацыі. Пры звароце да старонак знойдзеных дакументаў сістэмай генеруюцца спасылкі на іх поўныя апісанні ў фармаце PDF.
Таксама ў Espacenet прадугледжана захаванне гісторыі выкананых пошукавых запытаў і экспарт спісу дакументаў у электронныя табліцы. З улікам такіх шырокіх магчымасцяў выкарыстанне сістэмы Espacenet можна рэкамендаваць пры правядзенні любога віду патэнтна-аналітычных работ.
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram, VK).
Фота: worldwide.espacenet.com/advancedSearch