Нарадзіўся Прохар Іванавіч Жукаў 17 студзеня 1915 г. у вёсцы Альшоў-1 Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1931 г. скончыў Хоцімскую сямігадовую школу, працаваў рознарабочым у Мінску на будаўніцтве Дома ўрада і Опернага тэатра. З верасня 1931 г. – студэнт працоўнага факультэта пры Усесаюзным заатэхнічным інстытуце пушна-сыравіннай гаспадаркі ў Маскве, пазней перавёўся на факультэт паляўніцтвазнаўства. Па заканчэнні П. Жукаў –біятэхнік-паляўніцтвазнавец вышэйшай кваліфікацыі. Працаваў начальнікам Дзяржпалінспекцыі пры Наркамземе БССР.
У 1939 г. прызваны на тэрміновую службу ў Савецкай арміі, удзельнічаў у баях на Карэльскім перашыйку, у вызваленні Бесарабіі (прысвоена афіцэрскае званне «тэхнік-інтэндант 2-га рангу»). У 1940-1941 гг. – начальнік паляўнічага акруговага савета Усеармейскага ваенна-паляўнічага таварыства Заходняй асобай ваеннай акругі Мінска. З 1941 г. па 1946 г. П. Жукаў служыў у Савецкай арміі загадчыкам справаводства аддзела медснабжэння Санкіравання Заходняга фронту (прысвоена званне капітана адміністрацыйнай службы).
У пасляваенныя гады Прохар Жукаў працаваў намеснікам галоўнага ўрача Мінскай абласной псіхіятрычнай бальніцы (1946-1948), вучоным сакратаром Упраўлення па запаведніках пры Савеце Міністраў БССР (1949-1951). У 1951 г .стаў аспірантам Інстытута біялогіі АН БССР (аддзел фаўны). Кандыдацкая дысертацыя абаронена ў вучоным савеце Белдзяржуніверсітэта імя Леніна (спецыяльнасць «Іхтыялогія»).
Пачынаючы з 1955 г., будучы вучоным сакратаром камісіі па ахове прыроды пры АН БССР, прымаў актыўны ўдзел у распрацоўцы асноўных дакументаў па арганізацыі аховы прыроды ў Беларусі. Ім апублікавана 15 навуковых прац. У 1957 г. працаваў старшым навуковым супрацоўнікам аддзела фаўны Інстытута біялогіі АН БССР, з лютага 1958 г. – аддзела заалогіі і паразіталогіі АН БССР. У 1967 г. абаронена доктарская дысертацыя на тэму «Рыбы Беларусі». У 1969 г. прысвоена вучонае званне прафесара.
З 1967 па 1976 гг. – працаваў дырэктарам Беларускага навукова-даследчага інстытута рыбнай гаспадаркі Мінрыбгаса СССР. Пазней –навуковым кансультантам Беларускага навукова-даследчага інстытута ўпраўлення рыбнай гаспадаркі пры Савеце Міністраў БССР.
Прохар Іванавіч Жукаў больш за 10 гадоў выконваў абавязкі навуковага кансультанта ў БелНДІрыбпраекце і ў Інстытуце заалогіі АН БССР; быў вядучым куратарам па распрацоўцы агульнарэспубліканскіх тэм: «Прагноз магчымых змяненняў у біясферы ў выніку развіцця галін народнай гаспадаркі да 1990 года», «Развіццё заалогіі ў Беларусі ў дарэвалюцыйны перыяд» у рамках комплекснай агульнарэспубліканскай тэмы «Развіццё навукі і культуры ў Беларусі». Актыўна ўдзельнічаў у стварэнні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі і Чырвонай кнігі Беларусі (напісаў шэраг артыкулаў).
Усяго П. І. Жукавым апублікавана больш за 240 навуковых прац па іхтыялогіі, рыбнай гаспадарцы і ахове прыроды, а таксама 12 буйных манаграфій.
Узнагароды: Ордэн Айчыннай вайны II ступені; медаль «За абарону Масквы»; медаль Жукава; медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.».
Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram, VK).