Беларусь у асобах: Семяжон Язэп
16 ноября 2024
Цікавае
Нарадзіўся Язэп Семяжон (сапраўднае імя Іосіф Ігнатавіч Семяжонаў) 16 лістапада 1914 г. у Мінску у вёсцы Пятровічы Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Смалявіцкі раён Мінскай вобласці) у сям’і лесніка. Пасля заканчэння Смілавіцкай сярэдняй школы працаваў рахункаводам у калгасе «Перамога». У 1931 г. паступіў на драматургічныя курсы ў Мінску і праз некаторы час стаў акцёрам Трэцяга беларускага дзяржаўнага тэатра (БДТ-3). У 1934-1938 гг. вучыўся ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце.
Далейшы свой лёс звязаў з ваеннай справай: быў курсантам афіцэрскай школы ў Маскве, камандзірам узвода разведвальнага палка. Удзельнічаў у савецка-фінлядскай вайне, дзе атрымаў раненне. Да сакавіка 1942 г. ваяваў на Заходнім фронце, у 1942-1945 гг. быў ваенным перакладчыкам, меў баявыя ўзнагароды. Пасля вайны – перакладчык, рэферэнт разведаддзела штаба Беларускай ваеннай акругі. З 1953 г. Я. Семяжон выкладаў замежныя мовы ў Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы (да 1960 г.), потым у Беларускім дзяржаўным універсітэце імя У. І. Леніна (да 1975 г.), працаваў у рэдакцыі часопіса «Беларусь».
Першы вершаваны твор аўтара «Ударная камсамолак» пад псеўданімам «Яз. Азім» быў надрукаваны ў 1931 г. у № 16 часопіса «Беларуская работніца і сялянка». У 1938 г. быў надрукаваны верш «Змрок на душы маёй» і ўрывак «Развітанне Чайльд-Гарольда» з паэмы «Паломніцтва Чайльд-Гарольда» Д. Байрана.
Большую частку спадчыны Я. Семяжона складаюць пераклады з заходне-еўрапейскіх моў (творы Б. Брэхта, Г. Гейнэ, Дантэ Аліг’еры, Д. Радары, Ш. Пецёфі) і інш. Аднак найбольшую каштоўнасць уяўляюць пераклады з англійскай мовы (творы Д. Байрана, У. Блейка, У. Уітмена, Д. Кітса). Асаблівае значэнне мела ўзнаўленне паэзіі Р. Бёрнса (песні, вершы, эпіграмы) і драматургіі У. Шэкспіра (камедыі «Утаймаванне наравістай», «Дванаццатая ноч, альбо Чаго пажадаеце», трагедыя «Кароль Лір»).
Значнае месца ў дзейнасці Я. Семяжона займалі пераклады твораў рускіх, украінскіх і польскіх пісьменнікаў (М. Лермантава, М. Някрасава, М. Святлова, К. Сіманава, Р. Братуня, Д. Паўлычкі, М. Прыгары, У. Сасюры, П. Тычыны, Л. Украінкі, Я. Івашкевіча, Л. Падгорскага-Аколава, Ю. Славацкага і інш.).
Сапраўднай падзеяй культурнага жыцця Беларусі стаў пераклад лацінамоўнай паэмы М. Гусоўскага «Песня пра зубра» (Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Купалы, 1982).
Уражвае колькасць замежных аўтараў, творы якіх былі перакладзены Язэпам Семяжонам: Толькі ў зборнік «Сем цудаў свету» (1977) увайшлі творы 69 паэтаў, якія пісалі на 13 мовах. Усе яго пераклады адзначаюцца дакладным адлюстраваннем сэнсава-вобразнай структуры арыгінала, умелым выкарыстаннем скарбаў роднай мовы.
Літаратурныя поспехі Я. Семяжона былі адзначаны званнем заслужанага работніка культуры Беларусі, Дзяржаўнай прэміяй Беларусі, ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і Дружбы народаў, медалямі.
Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram, VK).
Фота: НЦІУ