Беларусь у асобах: Ясень Міхаіл

16 августа 2024

Цікавае

На песнях Міхаіла Ясеня (сапраўднае імя – Міхаіл Аронавіч Гольдман), якія з’явіліся пяцьдзясят гадоў таму, вырасла не адно пакаленне беларусаў. Іх любяць і помняць, яны гучаць на тэлебачанні і радыё, іх спявалі вядомыя артысты (І. Кабзон, Я. Еўдакімаў, Т. Раеўская) і самадзейныя выканаўцы. «Память сердца», «Письмо из 45-го», «Майский вальс», «Поклонитесь, внуки, деду», «Минская осень» – адны з лепшых песень аб Вялікай Айчыннай вайне, і напісаны яны менавіта на словы М. Ясеня.

Міхаіл Аронавіч Гольдман нарадзіўся 18 жніўня 1924 г. у Мінску. Рана навучыўся чытаць, захапляўся творамі Я. Коласа, Я. Маўра, З. Бядулі. Пасля заканчэння 8-га класа вучыўся ў будаўнічым тэхнікуме. Вайна застала юнака на занятках па геадэзіі. Разам з сям’ёй Міхаіл апынуўся ў Сталінградзе, дзе ўладкаваўся на завод.

У жніўні 1942 г. стаў чырвонаармейцам, служыў артылерыйскім разведчыкам, сувязістам. Да канца вайны М. Гольдман знаходзіўся на Волхаўскім фронце, прымаў удзел у прарыве блакады Ленінграда, штурмаваў лінію Манергейма, быў узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны II ступені, медалямі «За адвагу», «За абарону Ленінграда», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.» і інш. Да красавіка 1947 г. служыў у Германіі.

Пасля дэмабілізацыі М. Гольдман вярнуўся ў родны горад, закончыў школу рабочай моладзі і Беларускі політэхнічны інстытут, працаваў інжынерам-канструктарам. Атрымаў 15 аўтарскіх пасведчанняў на вынаходствы, стаў лаўрэатам Усесаюзнага конкурсу тэхнічнай творчасці (1966), быў узнагароджаны сярэбраным медалём ВДНГ СССР.

Літаратурнай дзейнасцю пачаў займацца на пачатку 1950-х гг. падчас вучобы ў інстытуце. У гэты час М. Гольдман быў рэдактарам насценнай газеты, пісаў вершы, гумарэскі, сцэнарыі студэнцкіх вечарын, некалькі яго вершаў з’явіліся ў перыядычным друку. Знакамітая пісьменніца А. Васілевіч прапанавала М. Гольдману ставіць пад сваімі творамі псеўданім Ясень. Лёс звёў пачынаючага паэта Міхаіла Ясеня з маладымі кампазітарамі І. Ронькіным і Д. Смольскім. Тандэм Ясень-Смольскі даў добры плён: з’явіўся шэраг песень, сярод якіх «Матери ждут сыновей», «Солдаты, солдаты…», аднак сапраўдную вядомасць набыла песня «Абеліскі».

Творчая праца М. Ясеня доўжылася паўвека. За гэты час паэт напісаў больш за сотню вершаў, вялікая колькасць якіх сталі песнямі. Сусветна вядомымі сталі «Письмо из 45-го», «Майский вальс», «Снимок в газете» на музыку Ігара Лучанка. Песня «Памяць сэрца» ў выкананні В. Вуячыча атрымала першую прэмію на першым Усесаюзным конкурсе на лепшае выканане савецкай песні (1966).

З М. Ясенем супрацоўнічала шмат беларускіх кампазітараў, сярод якіх Я. Цікоцкі, У. Алоўнікаў, Л. Захлеўны, У. Буднік, Э. Зарыцкі, В. Войцік, У. Солтан, Э. Казачкоў, В. Сярых. Усе творцы адзначалі, што вершы Міхаіла Ясеня, нягледзячы на іх знешнюю прастату, валодаюць надзвычайнай музычнай вобразнасцю і самі кладуцца на музыку. Вельмі плённым стала супрацоўніцтва паэта з Л. Захлеўным. Каля 40 песень стварыў кампазітар на словы М. Ясеня: «Гісторыя аднаго кахання», «Буйніцкае поле», «Перамога», «Дзявятае мая», «Бацькоў не забывай», «Міласэрнасць», «Вяргіня» і інш.

Апошняе месца працы – Інстытут цвёрдага цела і паўправаднікоў Акадэміі навук Беларусі на пасадзе інжынера-канструктара другой катэгорыі. У 2003 г. быў узнагароджаны Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь «За заслугі ў развіцці нацыянальнай культуры і значны ўклад у рэалізацыю сацыяльнай палітыкі Рэспублікі Беларусь».

Вершы М. Ясеня ўвайшлі ў залаты фонд грамадзянскай лірыкі. Галоўнай у творчасці паэта стала тэма Вялікай Айчыннай вайны. Лірыку Міхаіла Ясеня на гэтую тэму называюць паэтычным вянком Перамогі.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (FacebookInstagramTelegram, VK).


Фота: НЦІУ