16.01.2026

У беларускае нацыянальнае мастацтва Уладзімір Георгіевіч Мулявін увайшоў са сваёй адметнай творчай скіраванасцю, сваім стылем, у якім змог спалучыць, дапоўніць, узбагаціць народную песенную творчасць і эстрадную музыку.

Нарадзіўся Уладзімір Мулявін 12 студзеня 1941 г. на Урале ў Свярдлоўску (зараз Екацерынбург). У. Мулявін закончыў Свярдлоўскае музычнае вучылішча, іграў на розных струнных інструментах. Як гітарыст выступаў яшчэ ў час навучання. На пачатку 1963 г. пераехаў у Мінск, дзе пачаў працаваць у канцэртна-эстрадным бюро Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Потым была армія, армейскі вакальны квартэт і ансамбль Беларускай ваеннай акругі.

Уладзіміра Мулявіна заўсёды цікавіла народная музыка. У 1968 г. музыкант зрабіў першыя спробы стварэння ансамбля «Лявоны» (бо працавалі пры папулярным танцавальным калектыве «Лявоніха»). Для ансамбля музыкант пачаў пісаць уласныя песні і апрацоўваць беларускі фальклор. У 1969 г. калектыў быў перайменаваны ў вакальна-інструментальны ансамбль «Песняры». Уладзімір Мулявін не толькі стварыў новы ансамбль, але і абраў для яго той кірунак і рэпертуар, якія сталі сапраўднай візіткай калектыву, прынёс у беларускую музыку новыя інтанацыі, гармонію і рытмы, сугучныя дынамічнаму пульсу жыцця.

У новай якасці ансамбль набыў шырокую вядомасць у 1970 г. у Маскве, дзе ён атрымаў другую прэмію (першая не прысуджалася) на IV Усесаюзным конкурсе артыстаў эстрады. Поспех быў ашаламляльны. Уладзімір Мулявін раскрыўся як майстар-аранжыроўшчык: ён стварыў арыгінальныя вакальна-інструментальныя інтэрпрэтацыі песень, дзе своеасабліва выкарыстаў тэмбры галасоў і сродкі музычнай электронікі, захоўваючы пры гэтым нацыянальны каларыт гучання. Новае жыццё ў ансамблі атрымалі такія беларускія народныя песні, як «Касіў Ясь канюшыну», «Па ваду ішла», «А ў месяцы верасні», «Рэчанька», «Купалінка», «Перапёлачка», «Ой, рана на Йвана», «А ў полі вярба», «Каліна» і інш.

Уладзімір Мулявін быў і не менш выдатны кампазітар. У рэпертуары калектыву нямала лірычных песень на вершы Я. Коласа, Я. Купалы, М. Багдановіча, М. Танка, П. Броўкі і інш. Выдатны артыст У. Мулявін прысвяціў сябе беларускай песні і зрабіў яе папулярнай ва ўсім свеце. «Песняры» на чале з У. Мулявіным прадставілі Беларусь у больш чым 56 краінах. У 1994 г. У. Мулявін узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, а ў 2001 г. – ордэнам Францыска Скарыны. У Маскве на Алеі Зорак адбылася закладка зоркі У. Мулявіна (2001). Яго імем названы бульвар у Мінску, створаны Нацыянальны цэнтр музычнага мастацтва імя У. Мулявіна.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (FacebookInstagramTelegram, VK).

Фото: Злата Лукашэвіч

Вверх