Штогод 15 верасня ў Беларусі адзначаецца Дзень бібліятэк – свята ўсіх, чыё жыццё непарыўна звязана з кнігамі, ведамі і асветай. Дата была ўсталявана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2001 г. і прымеркавана да дня заснавання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – галоўнага культурнага і інфармацыйнага цэнтра краіны.
Бібліятэкі захоўваюць гістарычную памяць, спрыяюць адукацыі і духоўнаму развіццю грамадства, а ва ўмовах лічбавай эпохі паспяхова асвойваюць новыя тэхналогіі, падаючы доступ да электронных рэсурсаў і анлайн-сэрвісаў.
Асаблівае месца ў бібліятэчнай сістэме краіны займае Рэспубліканская навукова-тэхнічная бібліятэка (РНТБ) – найбуйнейшы спецыялізаваны інфармацыйны цэнтр у галіне навукі і тэхнікі. Тут сканцэнтраваны звыш 59 млн выданняў, патэнтных дакументаў, прамысловых каталогаў, тэхнічных нарматыўных прававых актаў, неабходных для развіцця інавацый і навуковых даследаванняў. Штогод паслугамі РНТБ і яе філіялаў карыстаюцца звыш паўмільёна чытачоў, а таксама больш за 2 тыс. прадпрыемстваў і арганізацый.
Віншуем работнікаў бібліятэк і ўсіх аматараў кніг са святам! Жадаем новых адкрыццяў і займальных літаратурных падарожжаў!
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram, VK).
Фота: НЦІУ