15.08.2025

Вацлаў Аляксандравіч Бубноўскі нарадзіўся 15 жніўня 1865 г. у маёнтку Дубянец Полацкага павета (цяпер Расонскі раён Віцебскай вобласці). З дзяцінства захапляўся мастацтвам, вучыўся маляванню ў знакамітага Івана Хруцкага, які даводзіўся яму родным дзядзькам. Паступіў у Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства. У 1888 г. стаў студэнтам Школы выяўленчых мастацтваў у Кракаве. Яго настаўнікамі былі мастак І. Яблонскі і скульптар А. Даўн. Практыкаваўся ў парыжскай Акадэміі Каляросі. У 1896 г. працягнуў навучанне ў Кракаве на аддзяленні скульптуры, дзе стварыў свае першыя работы («Хлопчык, які іграе на пішчалі» і інш.), пазней паступіў у Акадэмію выяўленчых мастацтваў у Мюнхене.

Пасля завяршэння навучання Вацлаў Бубноўскі пачаў займацца дэкаратыўнай скульптурай і ўжытковым мастацтвам. У 1898 г. пераехаў у Варшаву, дзе выстаўляў свае работы ў Таварыстве заахвочвання выяўленчых мастацтваў. Ствараў пластыку дробных форм: статуэткі, дэкаратыўныя кампазіцыі і вазы ў стылі мадэрн. Зробленая ў сааўтарстве з З. Ота скульптурная група для фасада Таварыства была адзначана першай прэміяй.

У 1900 г. скульптар прымаў удзел у рэстаўрацыі познегатычнага касцёла Яна Хрысціцеля ў в. Служава. Менавіта тады ім быў выкананы алтар, на якім ён размесціў свае дзве знакамітыя скульптуры: «Багародзіца з дзіцём» і «П’ета».

У 1905 г. В. Бубноўскі набыў у Александрове памяшканне і заснаваў сваю скульптурна-керамічную майстэрню. Тут ён стварыў пяць скульптур, што сёння ўпрыгожваюць фасад касцёла Пятра і Паўла ў Цехацінку. Шмат працаваў над скульптурай малых форм. Акрамя гэтага з’яўляецца аўтарам унікальнага спосабу пацініравання керамікі, які шырока выкарыстоўваў у сваіх вырабах.

Творы дробнай пластыкі майстра прызначаліся для аздаблення сядзіб і палацаў і мелі вялікі попыт за межамі Беларусі – у Варшаве, Берліне, Лондане і інш.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (FacebookInstagramTelegram, VK).

Фота: НЦІУ

Вверх