Аповесці «Гандлярка і паэт» – 50 гадоў
15 мая 2026
Цікавае
Аповесць «Гандлярка і паэт» – значная з'ява ў творчай біяграфіі беларускага пісьменніка Івана Шамякіна і ва ўсёй беларускай прозе 1970-х гг. Пісьменнік Ян Скрыган ахарактарызаваў аповесць як самую яркую сярод літаратуры пра Мінскае падполле. Праз лёсы простых людзей аўтар раскрыў усенародны характар барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
У аснову твора І. Шамякіным быў пакладзены, па сутнасці, рэальны факт. У рукі пісьменніку трапіў сшытак з вершамі, які прынесла ў Саюз пісьменнікаў жанчына. Яе цётка ў час Вялікай Айчыннай вайны выкупіла з нямецкага палону хворага хлопца. Ён і стаў прататыпам Алеся Шпака ў аповесці. Прататыпам выратавальніцы паэта стала вядомая ўсяму Камароўскаму рынку гандлярка Вольга – «прыгажуня, весялуха, рагатуха». Яна абудзіла ў празаіка жаданне напісаць аповесць пра гандлярку-падпольшчыцу.
Тэма Мінскага падполля цікавіла І. Шамякіна яшчэ з пасляваеннага часу. Яму хацелася расказаць праўду пра арганізатара падпольнага руху Івана Кавалёва, якога схапілі немцы. Доўгі час героя-падпольшчыка лічылі здраднікам, і толькі ў 1957 г. Бюро ЦК КПБ яго рэабілітавала. У аповесці Іван Кавалёў – прататып падпольшчыка Яўсея – з’яўляецца хоць і другасным, але важным для сюжэта героем.
Аповесць «Гандлярка і паэт» была надрукавана ў часопісе «Полымя» (1976). У 1977 г. у перакладзе на рускую мову твор з’явіўся ў друку ў Маскве ў папулярных у той час выданнях: часопісе «Молодая гвардия» і «Роман-газете». Па матывах аповесці «Гандлярка і паэт» І. Шамякіным быў створаны сцэнарый аднайменнага фільма. Яго пастаноўку на кінастудыі «Масфільм» у 1978 г. ажыццявіў Самсон Самсонаў.
Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram, VK).
Фота: Злата Лукашэвіч