Беларусь у асобах: Макаёнак Андрэй Ягоравіч

14 ноября 2025

Цікавае

Нарадзіўся Андрэй Ягоравіч Макаёнак 12 лістапада 1920 г. у вёсцы Борхаў Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Журавіцкай школе, пасля паступіў у ваеннае вучылішча. Працаваў масавіком раённага Дома культуры. Восенню 1939 г. прызваны ў армію, служыў на Каўказе, удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне. Быў у складзе Феадасійска-Керчанскага дэсанта, атрымаў цяжкае раненне. На ўсё жыццё ў Андрэя Ягоравіча ў ступнях засталося трынаццаць аскепкаў ад варожай міны, мелася рызыка ампутацыі, але ў тылавым шпіталі ў Краснадары яго ўратавалі. Пасля камісавання выкладаў ваенную справу ў адной з грузінскіх вёсак.

Пасля вызвалення Гомельшчыны вярнуўся на радзіму, працаваў сакратаром Журавіцкага райкама камсамола. Пасля вучобы на курсах прапагандыстаў стаў другім сакратаром гаркама ЛКСМБ у Гродна. Скончыўшы ў 1949 г. Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КП(б)Б, А. Макаёнак пачаў працаваць загадчыкам аддзела прозы часопіса «Вожык». У 1966-1977 гг. – галоўны рэдактар часопіса «Нёман».

Літаратурная творчасць А. Макаёнка пачалася з ваенных дзённікаў, розных замалёвак, псіхалагічных абразкоў і эцюдаў, сцэнак і нататак, што пры жыцці пісьменніка не друкаваліся, а таксама з прызначаных для часопіса «Вожык» гумарэсак і фельетонаў. У часопісе папулярнасцю карысталася рубрыка «Выбачайце, калі ласка», заснавальнікам і аўтарам якой быў Андрэй Макаёнак. Публікацыі пісьменніка вызначаліся бескампраміснай вастрынёй выкрыцця розных прайдзісветаў, махляроў, нягоднікаў.

Першай сур’ёзнай спробай А. Макаёнка ў драматургіі з’явілася п’еса «На досвітку» (1951), спектакль па якой быў пастаўлены рэжысёрам К. Саннікавым у 1952 г. у тэатры імя Я. Купалы. Знакамітая п’еса аўтара «Выбачайце, калі ласка» (1953) была пастаўлена беларускімі тэатрамі імя Я. Коласа і імя Я. Купалы (1954) і больш як 200 тэатрамі па-за межамі Беларусі.

Амаль 10 гадоў А. Макаёнак не прапаноўваў новых п’ес, шукаў новыя сродкі сцэнічнай выразнасці. У выніку напружаных пошукаў узніклі трагікамедыі «Зацюканы апостал» (1969) і «Трыбунал» (1970). Спектаклі доўгі час з поспехам ставіліся на сцэнах саюзных і замежных тэатраў.

У 1974 г. А. Макаёнак за п’есы «Трыбунал» і «Таблетку пад язык» быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Я. Коласа. У 1970-я гг. з’явіліся сатырычная камедыя «Кашмар» (сцэнічная назва «Святая прастата», 1974), сентыментальны фельетон «Верачка» (1979), трагікамедыя «Дыхайце эканомна» (1982). Па сцэнарыях аўтара пастаўлены фільмы «У адзінай сям’і» (1957), «Шчасце трэба берагчы» (1958), «Кандрат Крапіва» (1961), «Пасля кірмашу» (1973) і інш.

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, «Знак пашаны», медалямі. Член Саюза письменнікаў Беларусі з 1949 г.

А. Макаёнак – мастак яркага, непаўторнага таленту. Ён творча развіў многія жанравыя традыцыі беларускай драматургіі, узняўшы ўзровень айчыннай камедыяграфіі да лепшых сусветных узораў. Імем драматурга названы Гродзенская цэнтральная гарадская бібліятэка, сярэдняя школа ў Журавічах, дзе таксама створаны літаратурны музей, вуліцы ў Гомелі і Мінску.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (FacebookInstagramTelegram, VK).

Фота: НЦІУ