Карысныя рэсурсы ў сферы інтэлектуальнай уласнасці: каталог навуковых выданняў ARDI

14 апреля 2025

Цікавае

Сістэма ARDI (Access to Research for Development and Innovation) створана для забеспячэння доступу карыстальнікаў да вынікаў навуковых даследаванняў, апублікаваных у непатэнтнай літаратуры, у якасці якой выбраны найбольш значныя навукова-тэхнічныя выданні. Дадзены рэсурс быў заснаваны ў 2009 г. ва ўмовах супрацоўніцтва Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці з шэрагам найбуйнейшых выдавецтваў. Мэтай яго стварэння з'яўляецца садзейнічанне навуковым пошукам у краінах, якія развіваюцца, дзе сэрвіс з'яўляецца бясплатным для некамерцыйных арганізацый і адносна танным для ведамстваў па ахове прамысловай уласнасці.

Калекцыі ARDI ўключаюць у сябе тысячы кніг і часопісаў з вялікай колькасцю артыкулаў у самых розных галінах навукі і тэхнікі. Прапанаваны кантэнт згрупаваны па відах выданняў, тэматыках, а таксама па шэрагу іншых крытэрыяў, што істотна палягчае пошук. Акрамя таго, некаторыя выданні ў калекцыях ARDI з'яўляюцца бясплатнымі і знаходзяцца ў вольным доступе. Таксама сэрвіс забяспечаны даведачнай старонкай для спрашчэння знаёмства карыстальніка з сістэмай. Усё гэта спрыяе запатрабаванасці і папулярнасці ARDI сярод навукоўцаў, студэнтаў і патэнтных аналітыкаў, зацікаўленых у атрыманні сур'ёзных навуковых ведаў.

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (FacebookInstagramTelegram, VK).


Фота: НЦІУ