Беларусь у асобах: Курбатаў Ігар Міхайлавіч

14 марта 2025

Цікавае

Ігар Міхайлавіч Курбатаў нарадзіўся 13 сакавіка 1905 г. у Маскве, скончыў фізіка-матэматычны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1929). Яшчэ падчас вучобы вывучаў біяхімію торфу на занятках навуковага гуртка. Пасля атрымання дыплома працаваў на тарфяной вопытнай станцыі Інстытута торфу Наркамата цяжкай прамысловасці. У 1932 г. прызначаны кіраўніком біяхімічнай групы сектара сыравіны. З 1935 г. І. Курбатаў – супрацоўнік Навукова-даследчага інстытута харчовай прамысловасці БССР. Адначасова працаваў выкладчыкам Беларускага політэхнічнага і Гомельскага педагагічнага інстытутаў. У 1938 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Электрасвятлокультура гародніны ў закрытым грунце». З 1939 г. Ігар Курбатаў узначальваў кафедру біялогіі Віцебскага педагагічнага інстытута.

У час Вялікай Айчыннай вайны кіраваў хімічнай службай 252-га авіяцыйнага палка далёкага дзеяння, 6-га гвардзейскага палка дальняй авіяцыі цяжкіх бамбардзіроўшчыкаў, меў баявыя ўзнагароды. З 1945 г. І. Курбатаў працаваў ва Ульянаўскім сельскагаспадарчым інстытуце. У 1949 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Паходжанне и састаў арганічнага рэчыва торфу».

З 1954 г. жыццё вучонага было звязана з Беларускай сельскагаспадарчай акадэміяй. Ігар Міхайлавіч ‒ аўтар больш за 90 навуковых прац, прысвечаных біяхіміі глебы і торфу, фізіялогіі ўздзеяння глеб на працэсы росту і фотасінтэзу раслін. Сярод іх ‒ «Тэарэтычныя асновы прымянення торфу на ўгнаенне» (1958), «Кароткі курс лекцый па арганічнай хіміі» (1958), «Мікрабіялогія падзолістых глеб і арганічных угнаенняў» (1969), «Асновы агульнай мікрабіялогіі» (1970).

Вучоны абгрунтаваў новую тэорыю працэсу ўтварэння торфу ‒ тэорыю тарфагеннага пласта. У адрозненне ад ранейшых уяўленняў аб тым, што торфаўтварэнне з’яўляецца працяглым працэсам, ён выказаў меркаванне, што атарфаванне ‒ адносна кароткі біяхімічны працэс, які праходзіць пад уплывам мікраарганізмаў. Ігар Міхайлавіч Курбатаў прымаў удзел у мікрабіялагічных даследаваннях па культуры ізаляваных тканак і органаў з выкарыстаннем метадаў in vitro, займаўся вывучэннем шэрага фізіялагічных і біяхімічных характарыстык раслін.

Адначасова з навукова-даследчай дзейнасцю І. Курбатаў шмат увагі надаваў педагагічнай рабоце і падрыхтоўцы навуковых кадраў. Пад яго кіраўніцтвам было абаронена 10 кандыдацкіх і адна доктарская дысертацыя, падрыхтаваны і выдадзены шэраг лекцый для студэнтаў агранамічных спецыяльнасцей. Вучоны прымаў актыўны ўдзел у грамадскай рабоце, працы таварыства «Веды» пры Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, Батанічнага і Мікрабіялагічнага таварыстваў Беларусі і інш.

У 1965 г. Ігар Міхайлавіч Курбатаў быў удастоены ганаровага звання заслужанага дзеяча навукі БССР. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны», медалямі.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (FacebookInstagramTelegram, VK).


Фота: НЦІУ