Беларусь у асобах: Цвірка Віталь Канстанцінавіч
14 февраля 2025
Цікавае
Нарадзіўся Віталь Цвірка 14 лютага 1913 г. у вёсцы Радзеева Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і настаўнікаў. Бацька будучага мастака любіў маляваць і перадаў гэта захапленне сыну. Пазней сям’я пераехала ў Гомель, а затым у Мінск.
Жаданне атрымаць мастацкую адукацыю прывяло В. Цвірку ў Віцебскі мастацкі тэхнікум, дзе ён вучыўся на жывапісным аддзяленні ў вядомых педагогаў-жывапісцаў І. Ахрэмчыка і В. Руцая. Пасля заканчэння вярнуўся ў Мінск, выкладаў малюнак і чарчэнне ў педагагічным вучылішчы і чыгуначнай агульнаадукацыйнай школе. У 1935 г. паступіў у Маскоўскі мастацкі інстытут імя В. Сурыкава. У Маскве адбылося і першае знакавае выступленне В. Цвіркі як мастака на выставе беларускага выяўленчага мастацтва, дзе экспанаваўся яго пейзаж «Квітнеючы сад».
Падчас Вялікай Айчыннай вайны разам з інстытутам Віталь Цвірка быў эвакуіраваны ў Самарканд. Творы, напісаныя ў гэты перыяд («Узбекскі дворык», «Самарканд», «Раніца ў кішлаку», «Узбекская дзяўчына»), перадаюць адчуванне своеасаблівасці нацыянальнага пейзажу. У 1944 г. В. Цвірка вярнуўся ў Мінск і атрымаў заказ Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на серыю мемарыяльных пейзажаў і партрэтаў. У 1946 г. уступіў у Саюз мастакоў БССР. На працягу многіх гадоў Віталь Канстанцінавіч займаўся педагагічнай дзейнасцю: выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы і Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), быў рэктарам названага інстытута.
Выдатны беларускі мастак, заснавальнік сучаснай айчыннай школы пейзажнага жывапісу В. Цвірка быў універсалам у сваёй творчасці. Працаваў у розных жанрах (пейзаж, нацюрморт, тэматычная карціна, партрэт) і тэхніках выканання (алейны жывапіс, тэмпера, акварэль), якімі валодаў па-майстэрску. Яго каларыстычны метад выклікаў шырокае прызнанне, і гэтым мастак унёс вялікі ўклад у развіццё еўрапейскіх традыцый каларыстыкі камернага лірычнага пейзажа.
Сярод работ майстра пейзажы «Сакавік. Халодны дзень», «Сакавік» (абодва 1947), «Каля млына» (1954), «Хата рыбака» (1956), «Вясна» (1958), «Мая Радзіма» (1961), «Нёман» (1962), «Беларускі краявід» (1974), «Зімка» (1984) і інш. У 1967 г. за серыю пейзажаў «На зямлі беларускай» майстру была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР.
Шматбаковасць таленту мастака праявілася ў тэматычных карцінах пасляваеннага часу «Няскораныя» (1947), «Сельская настаўніца» (1948), «Жыццё адраджаецца» (1949).
Карціны Віталя Цвіркі знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі і Беларускага саюза мастакоў, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве, краязнаўчых музеях Беларусі. За свае працы мастак быў узнагароджаны залатым медалём ВДНГ СССР (1969), ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971), ордэнам Дружбы народаў (1983), медалём Ф. Скарыны (1993).
Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram, VK).
Фота: НЦІУ