Анатоль Капцюг нарадзіўся 13 снежня 1951 г. у вёсцы Урэчча Вілейскага раёна Мінскай вобласці. У 1977 г. скончыў архітэктурны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута (кафедра «Жылыя і грамадскія будынкі»). У 1977-1989 гг. – архітэктар, старшы архітэктар, вядучы архітэктар, кіраўнік групы архітэктараў абласнога праектнага інстытута «Гроднаграмадзянпраект». У 1985 г. павышаў кваліфікацыю ў Маскоўскім архітэктурным інстытуце на кафедры «Горадабудаўніцтва».
У 1986 г. удзельнічаў у распрацоўцы генеральных планаў пасёлкаў у Гомельскай вобласці для перасяленцаў пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У 1989-1990 гг. – галоўны архітэктар праектаў, кіраўнік праектаў рэстаўрацыі праектнага інстытута «Белспецпраектрэстаўрацыя», у 1990-1992 гг. працаваў кіраўніком творчай праектнай майстэрні Усесаюзнага аб'яднання «Архпраект» пры Саюзе архітэктараў СССР, у 1996-1997 гг. – навуковы кіраўнік рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ Уладзімірскай царквы у Гродне, у 1997-2003 гг. – архітэктар-мастак Гродзенскага творчага аб'яднання «Мастацтва» Беларускага саюза мастакоў; у 2007-2012 гг. – мастак Вілейскага гісторыка-краязнаўчага музея.
Анатоль Іванавіч Капцюг распрацаваў асабіста і ў складзе аўтарскіх калектываў больш за 50 індывідуальных праектаў жылых, грамадскіх і культавых будынкаў, генеральных планаў мікрараёнаў, пасёлкаў, аб'ектаў добраўпарадкавання, рэстаўрацыі, малых архітэктурных формаў, дэкаратыўнага мастацтва.
Найбольш значныя праекты: 12-павярховы жылы дом з вырабаў серыі 88 – тыпавы праект (першы ў краіне); 14-павярховы інтэрнат з блокам абслугоўвання ў Гродне; група 7-9-павярховых дамоў для маласямейных у Слоніме; аддзяленне Дзяржбанка ў Навагрудку; генеральныя планы пасёлкаў для перасяленцаў у Рэчыцкім і Калінкавіцкім раёнах Гомельскай вобласці; рэстаўрацыя фасадаў помніка архітэктуры XVI стагоддзя – царквы Барыса і Глеба ў Навагрудку; мастацкае афармленне былой экспазіцыі Вілейскага краязнаўчага музея і іншых ведамасных музеяў.
А. Капцюг – аўтар этнаграфічнай калекцыі малюнкаў «Школа дзядзькі Капцюга» і многіх іншых праектаў. На працягу жыцця актыўна займаўся краязнаўствам, даследаваў гісторыю помнікаў архітэктуры.
За распрацоўку праектаў неаднаразова ўзнагароджваўся дыпломамі Дзяржаўнага камітэта па пытаннях будаўніцтва БССР, ганаровымі граматамі Беларускага саюза архітэктараў.
Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram, VK).