Беларусь у асобах: Кашкурэвіч Арлен Міхайлавіч
13 сентября 2024
Цікавае
Нарадзіўся Арлен Міхайлавіч Кашкурэвіч 15 верасня 1929 г. у Мінску. У 1959 г. скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, дзе пазней выкладаў. Яшчэ студэнтам супрацоўнічаў з Дзяржаўным выдавецтвам БССР. Пэўным этапам у творчасці мастака стала афармленне кнігі Я. Купалы «Тры паэмы» (1962), якая была адзначана дыпломам II ступені на Усесаюзным конкурсе «50 лепшых кніг года» ў Маскве (1963). А. Кашкурэвіч яшчэ не аднойчы звяртаўся да творчасці беларускага песняра. Гэта ілюстрацыі да малафарматнага выдання «Курган» (1967), выкананыя акварэллю і тушшу, серыя літаграфій паводле купалаўскіх паэм «Бандароўна», «Магіла льва».
Нямала зрабіў А. Кашкурэвіч і ў афармленні сусветнай класічнай літаратуры. Напрыклад, цыкл ілюстрацый да трагедыі І. В. Гётэ «Фаўст» (1976) адзначаны вышэйшай узнагародай рэспубліканскага конкурсу – дыпломам імя Францыска Скарыны, а на Усесаюзным конкурсе «Мастацкая кніга» – дыпломам I ступені. Пасля ілюстравання «Фаўста» А. Кашкурэвіч стварыў серыю графічных лістоў (літаграфія, афорт, аквацінта) пад назвай «Спавяданні ад Фаўста». Арлен Міхайлавіч выканаў ілюстрацыі да кніг «Сэрца на далоні» І. Шамякіна (1964), «Песня пра зубра» М. Гусоўскага (1973), «Каласы пад сярпом тваім» (1968) і «Дзікае паляванне караля Стаха» (1983) У. Караткевіча, «Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае» А. Лойкі (1990), «Яўгеній Анегін» А. Пушкіна (1999), «Ладдзя роспачы» У. Караткевіча (2003) і інш.
Даволі шырока графік распрацаваў тэму Вялікай Айчыннай вайны. Удзельнічаў у аздабленні выданняў, прысвечаных ваенным падзеям. Для кнігі літаратурна-дакументальных запісаў А. Адамовіча, Я. Брыля, У. Калесніка «Я з вогненнай вёскі…» мастак стварыў макет. У якасці выяўленчых сродкаў А. Кашкурэвіч выкарыстаў фотаматэрыял і такім чынам падкрэсліў дакументальную аснову апісаных падзей. Чарговае выданне «Хатынскай аповесці» А. Адамовіча з ілюстрацыямі А. Кашкурэвіча выйшла з друку ў 1987 г. Мастак аформіў яе ў тэхніцы туш-пяро.
Праца над кнігамі прывяла Арлена Міхайлавіча да стварэння вялікіх станковых серый. Сярод іх – вядомыя цыклы «Купаліяна» (паводле твораў Я. Купалы, 1971), «Партызаны» (1969-1970) (за абедзьве Дзяржаўная прэмія Беларусі, 1972).
А. Кашкурэвіч быў першым у пасляваенным беларускім мастацтве, хто пачаў працаваць над біблейскімі сюжэтамі, зварот да якіх мае глыбокую жыццёвую матывацыю («Евангелле паводле Лукі», «Апакаліпсіс», 1990), у серыі малюнкаў «Святыя зямлі беларускай» (1993), у сусветна вядомым творы, адной з частак Бібліі «Найвышэйшая песня Саламонава» (1995).
І сёння лепшыя працы Арлена Кашкурэвіча знаходзяцца ў полі зроку патрабавальных беларускіх і замежных гледачоў. Спеласць таленту, адточаны прафесіяналізм, прынцыповасць грамадзянскай пазіцыі – асноўныя і характэрныя рысы творчасці самабытнага мастака.
Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Больш навін інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram, VK).
Фота: НЦІУ