Беларусь у асобах: Уладзімір Уладзіміравіч Адамаў

13 июня 2025

Цікавае

Уладзімір Уладзіміравіч Адамаў нарадзіўся 12 чэрвеня 1875 г. у сям'і землеўладальніка: бацькам належала зямля ў в. Вялікія Лётцы (Віцебскі раён), куды сям'я прыязджала на лета. Пасля заканчэння гімназіі паступіў на прыродазнаўчае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта.

Пасля заканчэння вучобы У. Адамаў працаваў у Батанічным інстытуце ўніверсітэта, дзе вывучаў флору Сярэдняй Азіі, прымаў удзел у экспедыцыях і экскурсіях па розных рэгіёнах Расіі. Вядомасць вучонага-батаніка і садавода хутка расла: у якасці спецыяліста па навуковым і мастацкім садаводстве вучонага запрашалі на працу буйныя землеўладальнікі Цвярской губерні, дзе У. Адамаў арганізаваў вопытна-біялагічныя станцыі, паркі з пладовымі садамі, дэндралагічнымі аддзяленнямі, гадавальнікамі і аранжарэямі.

У 1900 г. вучоны пераехаў у Беларусь. У маёнтку Вялікія Лётцы, што дастаўся яму ў спадчыну, стварыў батанічны і вопытна-акліматызацыйны сады, пабудаваў цяпліцы, парнікі, займаўся вывучэннем і развядзеннем лекавых раслін.

З 1916 г. У. Адамаў жыў у сваім радавым маёнтку. У канцы 1924 г. сад меў каля 400 відаў драўняных парод, калекцыю шматгадовых травяністых раслін, цяпліцу з 300 відамі экзотаў, гербарый, гадавальнік, дзе вырошчвалася больш за 2000 відаў лекавых, тэхнічных, ягадных і іншых раслін, батанічны музей. Па патрабаванні Уладзіміра Адамава было прынята рашэнне аб стварэнні ў Вялікіх Лётцах запаведнай зоны.

У пачатку 1920-х гг. частка раслін з калекцыі вучонага была перавезена ў Віцебск, дзе пры яго ўдзеле быў закладзены гарадскі батанічны сад. У. Адамаў актыўна займаўся выкладчыцкай работай у Віцебскім інстытуце народнай адукацыі, сельскагаспадарчым тэхнікуме, Політэхнікуме і іншых установах. У 1924 г. вучоны пераехаў у Мінск, працаваў загадчыкам батаніка-лізіметрычнага аддзела Мінскай балотнай доследнай станцыі, узначальваў секцыю натуралізацыі Беларускага аддзялення Усесаюзнага інстытута прыкладной батанікі. Уладзімір Адамаў стаў адным з заснавальнікаў Батанічнага сада Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і сфарміраваў большую частку яго калекцыі.

Вучоным-батанікам напісаны і выдадзены шэраг навуковых прац, якія і цяпер маюць тэарэтычнае і практычнае значэнне. Першая фларыстычная праца У. Адамава з'явілася яшчэ ў часопісе батанічнага аддзела Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта ў 1900 г. У 1924 г. у 3-м томе «Записок Белорусского государственного института сельского хозяйства» была змешчана праца «Alisma submersum», у якой вучоны даў падрабязнае апісанне новага віду лішайніку, зробленае на падставе дваццацігадовых назіранняў над гэтай раслінай, знойдзенай у наваколлях Віцебска.

У 1930 і 1932 гг. У. Адамаў апублікаваў дзве вялікія працы пра беларускія бярозы, у 1930 г. тыражом 5000 экзэмпляраў быў надрукаваны «Кароткі паказальнік жывых насаджэнняў Усебеларускай выстаўкі сельскай гаспадаркі і прамысловасці з больш падрабязным апісаннем калекцый раслін Мінскай цэнтральнай балотнай станцыі» (сумесна з М. М. Ганчарыкам). Шматлікія геабатанічныя работы Уладзіміра Адамава прысвечаны характарыстыцы расліннасці Беларускага Палесся, Камароўскага балота і іншых тэрыторый Беларусі.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (FacebookInstagramTelegram, VK).

Фота: НЦІУ