Уладзімір Аркадзевіч Мацвееў нарадзіўся 13 сакавіка 1956 г. у Віцебску. У 1979 г. скончыў Віцебскі медыцынскі інстытут. З 1980 па 1982 гг. займаў пасаду ўрача-рэаніматолага ў Віцебскай інфекцыйнай клінічнай бальніцы. З 1982 г. працаваў старшым лабарантам кафедры інфекцыйных хвароб Віцебскага медыцынскага інстытута. У перыяд з 1983 па 1987 г. вучыўся у аспірантуры ў Інстытуце вірусалогіі ім. Д. І. Іваноўскага АМН СССР (Масква) па спецыяльнасці «Інфекцыйныя хваробы». Абараніў дысертацыю на суісканне вучонай ступені кандыдата медыцынскіх навук.
У 1988 г. працаваў асістэнтам кафедры педыятрыі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута, у 1991 г. стаў дацэнтам, а з 1997 г. – прафесарам гэтай кафедры, загадчыкам курса, накіраванага на вывучэнне дзіцячых інфекцыйных хвароб. Абараніў дысертацыю на суісканне вучонай ступені доктара медыцынскіх навук у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі ў Санкт-Пецярбургу. Атрымаў званне прафесара клінічнай медыцыны (2003).
З 2005 г. Уладзімір Мацвееў працаваў загадчыкам кафедры інфекцыйных хвароб Беларускай акадэміі паслядыпломнай адукацыі (Мінск). З 2010 г. – прафесар кафедры педыятрыі факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
У. Мацвееў – член таварыства інфекцыяністаў, педыятраў Рэспублікі Беларусь, член пастаяннай Камісіі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь па вакцынапрафілактыцы, старшыня беларускага падраздзялення Міжнароднай Асацыяцыі фармакаэканамістаў.
З’яўляецца аўтарам больш за 180 навуковых работ, прысвечаных цытамегалавіруснай інфекцыі, імунапатагенезу, клінічнай імуналогіі, інфекцыйным хваробам дзяцей. Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Па матэрыялах Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram, VK).