Беларусь у асобах: Мележ Іван Паўлавіч

13 февраля 2026

Цікавае

Іван Паўлавіч Мележ нарадзіўся 8 лютага 1921 г. у вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння ў 1938 г. сярэдняй школы працаваў у Хойніцкім райкоме. У 1939 г. паступіў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры імя М. Г. Чарнышэўскага і адразу быў прызваны ў армію.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны І. Мележ знаходзіўся на фронце. У чэрвені 1942 г. у баі пад Растовам быў цяжка паранены. Пасля лячэння адпраўлены ў тыл. Жыў у Бугуруслане (Арэнбургская вобласць, Расія), дзе выкладаў ваенную падрыхтоўку і завочна вучыўся на літаратурным факультэце Малдаўскага педагагічнага інстытута.

У 1943-1944 гг. працаваў у Беларускім дзяржаўным універсітэце (БДУ), які знаходзіўся на станцыі Сходня пад Масквой. У 1944 г. Іван Мележ прыехаў у Мінск, скончыў філалагічны факультэт БДУ. Працаваў у рэдакцыі часопіса «Полымя», выкладаў беларускую літаратуру ў БДУ. У 1971-1974 гг. – намеснік старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. Іван Мележ з’яўляўся старшынёй праўлення Беларускага аддзялення таварыства «СССР-Францыя», старшынёй Беларускага камітэта абароны міру, членам Сусветнага савета міру, выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

Літаратурную дзейнасць І. Мележ пачынаў з вершаў, якія друкаваліся ў 1930-я гг. Першым празаічным творам лічыў свой франтавы дзённік, дзе апісваў жорсткія баі на Збручы, пад Уманню, на Дняпры. У 1943 г. у газеце «Бугурусланская правда» было надрукавана яго апавяданне «Последняя операция». Першае апавяданне на беларускай мове – «Сустрэча ў шпіталі» – апублікавана ў 1944 г. у газеце «Звязда».

Першы зборнік апавяданняў «У завіруху» апублікаваны ў 1946 г. У канцы 1940-х працаваў над буйным творам – раманам «Мінскі напрамак», які стаў адным з першых у беларускай літаратуры панарамным палатном, прысвечаным вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў летам 1944 г. у ходзе aпepaцыі «Бaгpaцiён».

У 1950-я гг. пісьменнік зноў звярнуўся да малых эпічных твораў. Былі выдадзены зборнікі «Блізкае і далёкае» (1954), «У гарах дажджы» (1957), напісана некалькі п’ес – «Пакуль вы маладыя» і «У новым доме» (1956), «Дні нараджэння» (1958), «Хто прыйшоў уночы» (1959).

Самым значным творам І. Мележа стала трылогія «Палеская хроніка», якая складаецца з раманаў «Людзі на балоце» (1961), «Подых навальніцы» (1964-1965) і «Завеі, снежань» (1976). Празаік апісвае падзеі, якія адбываліся ў вёсках на Палессі ў гады калектывізацыі. Па значнасці і мастацкай вартасці трылогію параўноўваюць з «Новай зямлёй» Я. Коласа, раманамі К. Чорнага, «Ціхім Донам» М. Шолахава.

Творы Івана Мележа пераведзены на многія мовы свету. У 1972 г. празаіку было прысвоена ганаровае званне народнага пісьменніка БССР. І. Мележ – лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Я. Коласа (1962), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа (1976), узнагароджаны некалькімі ордэнамі і медалямі. Жыццю і творчасці пісьменніка прысвечаны два дакументальныя фільмы «Іван Мележ» (1978, 1990). У 1980 г. Саюзам пісьменнікаў БССР была ўстаноўлена літаратурная прэмія імя І. Мележа. У яго гонар названы вуліцы ў Мінску, Гомелі, Кобрыне, Хойніках, Лельчыцах. Імя пісьменніка прысвоена гарадской бібліятэцы ў Гомелі, у Мазыры – драматычнаму тэатру. У 1983 г. у в. Глінішча адкрыты мемарыяльны дом-музей. У Хойніках у 2010 г. устаноўлена скульптурная кампазіцыя «Людзі на балоце».

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (FacebookInstagramTelegram, VK).

Фота: Злата Лукашэвіч