12.12.2025

Нарадзіўся Мікалай Сяргеевіч Акулаў 12 снежня 1900 г. у Арле. У 1920 г. добраахвотна ўступіў у шэрагі Чырвонай Арміі. Пасля дэмабілізацыі вучыўся на хімічным факультэце Кубанскага політэхнічнага інстытута, на фізіка-матэматычным факультэце Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1926).

У 1927 г. М. Акулаў выканаў тэарэтычнае даследаванне пра ўплыў стаячых электрамагнітных хваль у тонкіх пласцінках на сілу фотаэлектрычнага току. Найбольш значным дасягненнем гэтага перыяду з'явіўся адкрыты Мікалаем Сяргеевічам закон магнітнай анізатрапіі, які ўсталяваў агульную залежнасць магнітастрыкцыі і іншых фізічных параметраў ферамагнітнага крышталя ад кірунку намагнічанасці. Закон анізатрапіі механамагнітных з'яў паслужыў падмуркам далейшага развіцця тэорыі ферамагнетызму і прынёс Мікалаю Сяргеевічу сусветную вядомасць.

У 1929 г. Мікалай Акулаў абараніў дысертацыю аб адкрытым ім законе анізатрапіі. Абараніў доктарскую дысертацыю ў 1936 г.

Пад кіраўніцтвам вучонага былі закладзены фізічныя асновы і створана серыя метадаў і прыбораў для кантролю якасці выпускаемай прадукцыі, якія і сення шырока прымяняюцца ў сучаснай прамысловасці.

У 1940 г. М. С. Акулаў абраны членам АН БССР і да 1946 г. быў акадэмікам-сакратаром Аддзялення фізіка-тэхнічных навук АН БССР. У гады Вялікай Айчыннай вайны вучоны працаваў над стварэннем новай апаратуры і яе ўкараненнем на абаронных прадпрыемствах.

Шматгадовая плённая дзейнасць Мікалая Сяргеевіча была высока ацэненая: удастоены звання лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР (1941), прэміі АН СССР імя М. В. Ламаносава (1953), Дзяржаўнай прэміі БССР (1936), Прэміі Берлінскай Акадэміі навук (1930) і Ракфелераўскай прэміі (1932), узнагароджаны медалямі.

Вучоным падрыхтавана 12 дактароў і больш за 60 кандыдатаў навук, многія з яго вучняў з'яўляюцца вядомымі навукоўцамі.

Мікалай Сяргеевіч Акулаў – аўтар больш за 210 навуковых прац, у тым ліку 4 манаграфій, 20 вынаходстваў.

Па матэрыялах Центральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (FacebookInstagramTelegram, VK).

Фота: НЦІУ

Вверх