Нарадзіўся Рыгор Міхайлавіч Семашкевіч 12 верасня 1945 г. у вёсцы Дамашы Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1966 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (БДУ). У 1967-1969 гг. быў аспірантам кафедры беларускай літаратуры БДУ. У 1970 г. стаў кандыдатам філалагічных навук, у 1980 г. – дацэнтам. З 1970 г. працаваў выкладчыкам беларускай літаратуры ў БДУ. Чытаў лекцыі па гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры, па сучаснай беларускай паэзіі, кіраваў падрыхтоўкай студэнцкіх курсавых і дыпломных работ. З 1969 г. з’яўляўся членам Саюза пісьменнікаў БССР.
Друкавацца пачаў з 1960 г. Яго творы публікаваліся ў часопісах «Маладосць», «Полымя» і інш. Рыгор Семашкевіч пісаў вершы, аповесці, літаратуразнаўчыя і крытычныя артыкулы. Для стылю пісьменніка характэрны адметнасць вобразнага мыслення, багацце рытміка-інтанацыйнага ладу. У пачатку творчага шляху былі надрукаваны два зборнікі: «Леснічоўка» (1968) і «Субота» (1973). Вершам аўтара ўласцівы шчырасць, псіхалагізм, багацце рытмікі, філасафічнасць. Яны змястоўныя і глыбокія, часам іранічныя.
Пісьменнік з’яўляецца аўтарам кніг «Бацька ў калаўроце» (1976), «Выпрабаванне любоўю» (1982), «Лічыла дні зязюля...» (1987). У кнізе эсэ і крытычных артыкулаў «Выпрабаванне любоўю» шмат увагі ўдзяляецца пытанням развіцця беларускай літаратуры і культуры пачатку ХХ ст. Разглядаюцца і праблемы развіцця сучаснай літаратуры, у асноўным паэзіі. Ён аналізуе творчасць Р. Барадуліна, А. Лойкі, Я. Янішчыц, Н. Мацяш, Ю. Голуба, В. Коўтун і інш. На багатым дакументальным матэрыяле з выкарыстаннем раней невядомых архіўных звестак напісаны нарыс «Браніслаў Эпімах-Шыпіла» (1968) і манаграфія «Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе (канец ХIХ – пачатак ХХ ст.)» (1971). У эсэ «Світка Буйніцкага» расказваецца пра станаўленне беларускага тэатра і асобу І. Буйніцкага. Некаторыя вершы пісьменніка былі перакладзены на рускую, украінскую, літоўскую, польскую і іншыя мовы.
Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram, VK).
Фота: НЦІУ