Беларусь у асобах: Вандзілоўскі Пётр Віктаравіч
12 июля 2024
Цікавае
Вандзілоўскі Пётр Віктаравіч нарадзіўся 12 ліпеня 1954 г. у пасёлку Малінаўка Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці. У 1979 г. скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класе баяна Т. П. Брагінец, затым атрымаў спецыяльнасць оперна-сімфанічнага дырыжора ў класе народнага артыста Расіі, прафесара Г. П. Праваторава, у 1986 г. скончыў асістэнтуру-стажыроўку пад кіраўніцтвам дацэнта С. І. Кафанава.
З 1983 г. Пётр Вандзілоўскі працаваў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, выкладаў у класе аркестравага дырыжыравання, больш за 20 гадоў з'яўляўся загадчыкам кафедры, з 1999 г. узначальваў камерны аркестр акадэміі. Адначасова ў розныя гады ён працаваў дырыжорам Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь (1992-1995, 1998-2003), галоўным дырыжорам Дзяржаўнага канцэртнага духавога аркестра «Няміга» (1995-1997), галоўным дырыжорам філарманічнага сімфанічнага аркестра г. Сараева (Боснія і Герцагавіна, 1997-1998), галоўным дырыжорам і мастацкім кіраўніком Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі (2003-2009), дырыжорам струннага аркестра заслужанага калектыву «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Рэспублікі Беларусь» (2012-2013).
Пётр Вандзілоўскі быў першым выканаўцам многіх твораў беларускіх кампазітараў – Д.Смольскага, Г. Гарэлавай, В. Кузняцова, Д. Лыбіна, А. Літвіноўскага, А. Залётнева, Л. Мурашка, музычным кіраўніком пастаноўкі монаоперы «Адзінокі птах» А. Залётнева (2000), музыкі да некаторых кінафільмаў.
Сярод выпускнікоў дацэнта П. Вандзілоўскага ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі – высокапрафесійныя дырыжоры, вядомыя дзеячы культуры: заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь В. Бабарыкін, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І. Жыновіча А. Крамко, дырыжор Самарскага тэатра оперы і балета Я. Хахлоў, галоўны дырыжор Растоўскага музычнага тэатра А. Іваноў, дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь Ю. Караваеў, мастацкі кіраўнік і дырыжор сімфанічнага аркестра Віцебскай абласной філармоніі У. Бяляўскі, мастацкі кіраўнік і дырыжор камернага аркестра Гомельскай філармоніі У. Мілюцін.
Плённая творчая і педагагічная дзейнасць Пятра Вандзілоўскага была адзначана Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (2003), граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2007), нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» (2014) і інш.
Па матэрыялах Беларускай дзяржаўнай філармоніі
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).
Фота: НЦІУ