12.07.2025

Нарадзіўся будучы мастак 10 ліпеня 1900 г. у вёсцы Стаўрова, на беразе Богінскага возера (Браслаўскі раён Віцебскай вобласці). Бацькі, беззямельныя сяляне, не вельмі сур’ёзна ставіліся да прагі хлопчыка да малявання. Толькі ў 17 гадоў у Пецярбургу, куды ён паехаў на заробкі, П. Сергіевіч на фабрычных курсах пазнаёміўся з маляваннем як са спецыяльным прадметам. У 1919 г. паступіў на мастацкі факультэт Віленскага універсітэта. Нейкі час вучыўся ў Кракаўскай акадэміі мастацтваў. Але сродкаў не хапала, і ён быў вымушаны зноў вярнуцца дадому.

У часопісе «Нёман», дзе мастак працаваў рэдактарам, змяшчаліся рэпрадукцыі яго малюнкаў і карцін. Першая персанальная выстава адбылася ў 1935 г. і была высока ацэнена. Сярод твораў 1930-х гг., напісаных на гістарычную тэму, – карціны «Усяслаў Полацкі» (1931-1932), «Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў» (1935). Не пакідалі абыякавым мастака і сумныя праявы жыцця («Шляхам жыцця», «Араты»).

У час Вялікай Айчыннай вайны П. Сергіевіч перабраўся ў вёску Стаўрова, дзе маляваў сялян. Карнікі знішчылі вёску, на шчасце, мастака тады ў вёсцы не было. Мастацкая спадчына П. Сергіевіча ваенных гадоў небагатая: частка работ загінула ў спаленай вёсцы. Засталіся некаторыя пейзажы («Ноч» (1941), «Пад снегавым пакрывалам» (1942), «Партызан Федзя» (1943). «Нёман»).

У пасляваенны час мастак звярнуўся да творчасці Я. Купалы. Яго карціны «А хто там ідзе?», «Званар», «А ты, сіраціна, жыві» (1947), эцюды на тэмы паэм «Яна і я», «Гусляр» (1959) трапна ўвасобілі дух купалаўскай паэзіі. У 1960-я гг. П. Сергіевіч стварыў цэлую галерэю вобразаў беларускіх дзеячаў. Напрыклад, мастацкая інтэрпрэтацыя асветніцкага подзвігу Ф. Скарыны («Скарына ў друкарні», 1957; «Скарына ў рабочым кабінеце», 1960). У 1963 г. адбылася першая персанальная выстаўка П. Сергіевіча ў сталіцы Беларусі. Пазней мастак жыў і працаваў у Вільні, атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў Літвы (1965), але назаўсёды пакінуў важкі след у беларускім мастацтве. Яго творы захоўваюцца ў дзяржаўных і прыватных зборах Беларусі, Германіі, ЗША, Літвы, Польшчы, Расіі.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (FacebookInstagramTelegram, VK).


Фота: НЦІУ
Вверх