Беларусь у асобах: Ісачоў Аляксандр Анатольевіч

11 января 2025

Цікавае

Неардынарнай асобай у гісторыі беларускага мастацтва XX ст. быў Аляксандр Анатольевіч Ісачоў, якому лёс адмераў крыху больш за 30 гадоў жыцця.

Нарадзіўся А. Ісачоў 11 студзеня 1955 г. у г. п. Азарычы Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Рэчыцкай вячэрняй школе рабочай моладзі, працаваў тынкоўшчыкам у мясцовым рамонтна-будаўнічым упраўленні. У 1973 г. А. Ісачоў паехаў у Ленінград, дзе апынуўся ў асяроддзі творчай моладзі і непрызнаных мастакоў. Юнак удзельнічаў у некалькіх неафіцыйных выстаўках, знаёміўся з мастакамі-авангардыстамі і іх жывапісам.

У снежні 1973 г. ён вярнуўся ў Рэчыцу і пачаў мэтанакіравана пісаць карціны. Асноўнымі тэмамі сюжэтных палотнаў становяцца біблейскія матывы – «Што ёсць ісціна...», «Апошняя пропаведзь» (1976), «Укрыжаванне», «Зняцце з крыжу» (1977) і інш. Мастак пачаў працаваць і над міфалагізаваным партрэтам – «Рахіль», «Майсей» (1976), «Ісус» (1978) і інш. Палотны нескладаныя па кампазіцыйнай пабудове, поўныя ўнутранага драматызму. На іх адсутнічаюць атрыбутыка і сімволіка, толькі твар і галоўнае – вочы, у якіх не толькі мудрасць і любоў, але і гіпнатызуючая моц.

Аляксандр Ісачоў пісаў таксама нацюрморты («Нацюрморт з чарапамі (1975), «Нацюрморт з падносам і адчыненым акном... » (1977) і інш.), пейзажы («Травы» (1975), «Пасля патопу» (1977), «Мая зямля» (1978)). Жывапісныя работы А. Ісачова выкананы ў лесіровачнай манеры пісьма, вельмі працаёмкай і карпатлівай, якую мастак спасцігаў самастойна.

Вялікае месца ў творчасці А. Ісачова займае вобраз жанчыны: «Ісіда-Персефона», «Ева» (1982), «Ля крыніцы» (1987), «Муза», «Дрыяда» і інш. Адной з апошніх работ мастака з’яўляецца «Алегорыя мастацтва» (1987). Карціна падводзіць вынікі роздумаў аўтара аб тленнасці быцця і хуткацечнасці жыцця, сапраўдных ідэалах чалавечай прыгажосці і вечных духоўных каштоўнасцях.

Мастак таксама займаўся графікай і іканапісам: пісаў іконы для рэчыцкай Свята-Пакроўскай царквы і іншых храмаў Гомельскай вобласці, распісаў Свята-Міхайлаўскі кафедральны сабор у Мазыры.

У канцы 1987 г. у Рэчыцы адкрылася яго першая выстава карцін (сумесна са скульптарам М. Пажарыцкім). Праз два дні мастак памёр ад сардэчнага прыступу каля мальберта ў сваёй майстэрні.

Аляксандр Ісачоў пакінуў больш за 500 жывапісных палотнаў і тысячы графічных работ. Большая частка з іх была вывезена ў Германію, ЗША, Ізраіль, Францыю, Швецыю і інш. Калекцыя графікі А. Ісачова знаходзіцца ў Рэчыцкім краязнаўчым музеі. У 1988 г. на кінастудыі «Беларусьфільм» рэжысёрам А. Алаем пра мастака зняты фільм «Не плачце па мне».

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (FacebookInstagramTelegram, VK).


Фота: НЦІУ