Паводле статыстычных даных Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці (САІУ) у 2023 г. вядучымі карыстальнікамі міжнароднай патэнтнай сістэмы САІУ сталі кітайская кампанія Huawei Technologies, карэйская Samsung Electronics і амерыканская Qualcomm.
Заяўніцкая актыўнасць наватараў Індыі ў галіне патэнтаў вырасла амаль на 50 %, нягледзячы на умеранае зніжэнне попыту на міжнародную рэгістрацыю правоў інтэлектуальнай уласнасці (ІУ) з выкарыстаннем працэдур САІУ.
Акрамя Індыі, адзінымі краінамі, паказчыкі якіх працягваюць з году ў год расці ўжо на працягу трох гадоў, з'яўляюцца Рэспубліка Карэя і Турцыя.
Ва ўмовах росту працэнтных ставак і эканамічнай нявызначанасці колькасць заявак, пададзеных па працэдуры сістэмы дагавора САІУ аб патэнтнай кааперацыі, упершыню за апошнія 14 гадоў скарацілася на 1,8 %.
Колькасць заявак у рамках міжнароднай сістэмы таварных знакаў знізілася на 7 %, у той час як выкарыстанне міжнароднай сістэмы прамысловых узораў, насуперак названым тэндэнцыям, вырасла на 1 % за кошт пашырэння рэгістрацыйнай актыўнасці Кітая.
«У 2023 г. перашкодай на шляху развіцця інавацыйнай дзейнасці сталі павышэнне працэнтных ставак і эканамічная нявызначанасць. Аднак зніжэнне тэмпаў інфляцыі, прагназуемае на 2024 г., і высокая актыўнасць Індыі, Паўднёва-Усходняй Азіі і інш., можа дазволіць бізнэсу прыцягнуць больш інвестыцый у інавацыі, тым самым фарміруючы перадумовы для аднаўлення паказчыкаў падачы заявак на рэгістрацыю правоў ІУ бліжэй да канца гэтага года.
Таксама доўгатэрміновыя тэндэнцыі паказваюць на тое, што ва ўмовах усё большай глабалізацыі і цыфравізацыі эканомікі выкарыстанне ІУ няўхільна расце, ахопліваючы ўсё больш краін свету. На краіны Азіі цяпер прыпадае 55,7 % міжнародных патэнтных заявак, пададзеных па працэдуры САІУ, тады як 10 гадоў таму гэты паказчык складаў 40,5 %», – адзначыў Генеральны дырэктар САІУ Дарэн Танг.
З больш падрабязнай інфармацыяй можна азнаёміцца па спасылцы.
Па матэрыялах САІУ
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).