Паэме «Песня пра зубра» – 505 гадоў
9 января 2026
Цікавае
Паэма «Песня пра зубра» – галоўны твор паэта і асветніка Міколы Гусоўскага. Быў створаны па просьбе Папы Льва X у 1521 г. на лацінскай мове – на той час мове навукі, культуры, міжнародных зносін (назва паэмы перакладалася як «Песня пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго»).
Аднак лёс паэмы аказаўся драматычным: у снежні 1521 г. у час эпідэміі чумы памёр Папа Леў X. З-за недахопу матэрыяльных сродкаў М. Гусоўскі павінен быў пакінуць Рым. Па дарозе дадому ён затрымаўся ў Кракаве, дзе ў 1523 г. паэма была выдадзена разам з некалькімі вершамі. Толькі ў 1855 г. твор перавыдаваўся на лацінскай мове ў Пецербургу, у 1894 г. – на польскай у Кракаве, у 1963 г. – на літоўскай у Вільнюсе. Вершаваны пераклад паэмы на рускую мову здзейснены ў 1968 г. Я. Семяжонам і Я. Парэцкім, а ў 1971 г. – рускімі паэтамі С. Куняевым і І. Шклярэўскім. У 1969 г. «Песня пра зубра» ўпершыню выдадзена на беларускай мове ў перакладзе Я. Семяжона, у 1980 г. – на лацінскай, беларускай і рускай мовах. У 1994 г. чытач змог пазнаёміцца з новым варыянтам славутага твора ў перакладзе У. Шатона.
Дзякуючы таленту і багатаму жыццёваму вопыту М. Гусоўскага, «Песня пра зубра» стала песняй сэрца паэта, гімнам Бацькаўшчыне. Твор прасякнуты любоўю да роднага краю, глыбокім адчуваннем радзімы як месца адзінага і непаўторнага. Аўтар замілавана любуецца пушчай, дзе прайшлі яго дзяцінства і юнацтва. Зубр у паэме – алегарычны вобраз роднага краю, сімвал яго былой магутнасці. Надзелены незвычайнай сілай, зубр – звер міралюбівы, бяскрыўдны, калі яго не зачапіць, не патрывожыць. І ён люты, бязлітасны, калі абараняецца пры нападзе ворагаў. М. Гусоўскі ў паэме не толькі апісаў зубрыныя ловы. Ён стварыў узнёслую песню пра беларускую зямлю, пра тое, чым яна багата, пра яе людзей, іх думы і пачуцці, прыроду, жывёльны свет гэтага цудоўнага краю. Гэта споведзь пра любоў і нянавісць, жыццё і смерць, вайну і мір. Паэма заклікае сумленна жыць, змагацца за справядлівасць і праўду, весці няспынную барацьбу за святло і шчасце.
Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram, VK).
Фота: Злата Лукашевіч