Беларусь у асобах: Журавовіч Ларыса Віктараўна

6 ноября 2025

Цікавае

Нарадзілася Ларыса Віктараўна Журавовіч 6 лістапада 1965 г. ў г.п. Бялынічы Магілёўскай вобласці. У 1983 г. скончыла мастацкае аддзяленне Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І. Ахрэмчыка. Выпускніца кафедры графікі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (1989). Сярод яе выкладчыкаў былі В. П. Шаранговіч і Г. Г. Папалўскі. Пасля вучобы працавала выкладчыкам у дзіцячай школе мастацтваў імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі ў Бялынічах.

Ларыса Журавовіч – адна з нямногіх мастачак, якая шукае сябе ў рэалістычным накірунку. Працуе ў галіне станковай графікі (літаграфія, гуаш). Піша самыя звычайныя рэчы з сялянскага побыту: «Чыгунок», «Рэшата і часнок», «Кошык з фасоляй» (1992), «Нацюрморт з рэшатам», «Сярпы», «Гарбузы» (1993), «Дымар» (1996), «Лямпа на стале», «Яблыкі», «Язмін», «Нацюрморт са слівамі» (2003) і інш.

Член Беларускага саюза мастакоў (1993). Узнагароджана памятным знакам «2000 гадоў хрысціянства», дыпломам і медалём імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі (2002), нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» (2016). У 2001 г. мастачка стала лаўрэатам прэміі «Чалавек года» Бялыніцкага раёна ў галіне культуры.

Работы Ларысы Журавовіч знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Рэспублікі Беларусь, карціннай галерэі Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В. Масленікава, Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі, Бялыніцкім мастацкім музеі імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі, Быхаўскім і Шклоўскім гісторыка-краязнаўчых музеях, музеі гісторыі і культуры г. Орша, а таксама у прыватных калекцыях у Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Германіі, Ізраілі, Польшчы, Расіі, Францыі, Швейцарыі.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (FacebookInstagramTelegram, VK).

Фота: НЦІУ