Алесь Асіпенка належыць да пакалення тых беларускіх пісьменнікаў, чыё юнацтва прыпала на вогненныя гады Вялікай Айчыннай вайны. Ён пачынаў разам з І. Мележам, І. Шамякіным, І. Навуменкам, Б. Сачанкам і іншымі таленавітымі празаікамі Беларусі, плённа развіваў рэалістычна-аналітычны напрамак у нацыянальнай літаратуры.
Алесь (Аляксандр Харытонавіч) Асіпенка нарадзіўся 7 верасня 1919 г. у вёсцы Пушкары Віцебскага раёна ў сялянскай сям’і. Літаратурай Алесь захапіўся яшчэ ў школе. Перад вайной паступіў на гістарычны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута і ўжо пасля заканчэння першага курса працаваў настаўнікам у вёсцы Рудакі, пад Віцебскам.
Ад мары вучыцца далей прыйшлося адмовіцца – пачалася Вялікая Айчынная вайна. У гады акупацыі будучы пісьменнік змагаўся ў партызанскім атрадзе. Пасля заканчэння вайны А. Асіпенка вучыўся на курсах савецкага партыйнага актыву ў Маскве, працягваў вучобу ў Мінскім педагагічным інстытуце. Займаў розныя пасады ў газеце «Чырвоная змена», часопісе «Маладосць», быў галоўным рэдактарам сцэнарнага аддзела кінастудыі «Беларусьфільм», галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва».
На пачатку сваёй творчасці Алесь Асіпенка пісаў вершы, нарысы, фельетоны. У 1952 г. у часопісе «Работніца і сялянка» было надрукавана яго першае апавяданне «Дзяўчына з «Залатой дубравы». У 1956 г. ён напісаў прыгодніцкую аповесць «Апошняя версія». Першы зборнік пісьменніка «Лёд растае» (1958) станоўча ацанілі ў літаратурных колах. У 1960 г. выйшаў з друку другі зборнік «Подых кветак і працы».
Як арыгінальны празаік Аляксандр Харытонавіч зарэкамендаваў сябе аповесцю «Абжыты кут» (1963), у якой падымаецца праблема сацыяльнага пераўтварэння вёскі, ставіцца пытанне аб духоўным змесце чалавека, яго еднасці з зямлёй і бацькоўскім домам. Асобнае месца ў творчасці А. Асіпенкі займае тэма вайны. Яго раман «Вогненны азімут» (1965) адыграў значную ролю ў развіцці беларускай ваеннай прозы. У рэалістычна-псіхалагічным ключы напісана аповесць «Жыта» (1966), якую аўтар прысвяціў жыццю пасляваеннай вёскі.
Вяршыняй пісьменніцкай творчасці для А. Асіпенкі сталі 1970-80-я гг., калі выйшлі з друку зборнікі «Крокі» (1971), «Парогі» (1973); аповесці «Канец бабінага лета» (1975), «Два дні і дзве ночы» (1977), «Пяцёрка адважных» (1985); раман з сімвалічнай назвай «Непрыкаяны маладзік» (1971). Другая кніга рамана ўбачыла свет у 1980 г. За гэты твор Аляксандр Харытонавіч ў 1981 г. атрымаў Літаратурную прэмію імя І. Мележа.
Адзін з лепшых і найскладанейшых твораў Алеся Асіпенкі – раман «Святыя грэшнікі» (1987). У ім пераплятаюцца розныя адрэзкі сучаснага і мінулага: бітва на Нямізе, жыццяпісы Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, здымкі фільма на гістарычную тэму.
У 1994 г. выйшла з друку кніга «Вечнасць Млечнага Шляху», дзе аўтар апісвае свае ўражанні ад сустрэч з К. Чорным, М. Лыньковым, І. Мележам, У. Караткевічам.
Творы пісьменніка знайшлі адлюстраванне ў беларускім кінематографе. Па сцэнарыях Аляксандра Харытонавіча былі пастаўлены мастацкія фільмы «Пяцёра адважных» (1971), «Надзейны чалавек» (1975), «Кожны трэці» (1980, у суаўтарстве з Н. Сафаравым), тэлефільм «Ясь і Яніна» (1974, у суаўтарстве з С. Паляковым), дакументальны фільм «Трывогі першых птушак» (1986) і інш.
Алесь Асіпенка – заслужаны работнік культуры Беларусі (1979), лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1974), адзначаны ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступені, «Знак Пашаны», Працоўнага Чырвонага Сцяга, а таксама шматлікімі медалямі і граматамі.
Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Больш навін інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram, VK).