Беларусь у асобах: Кандрат Крапіва
6 марта 2026
Цікавае
Нарадзіўся Кандрат Крапіва (сапраўднае імя – Атраховіч Кандрат Кандратавіч) 5 сакавіка 1896 г. у весцы Нізок Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Уздзенскі раён Мінскай вобласці) у сялянскай сям’і. Пасля заканчэння царкоўна-прыходскай школы вучыўся ў вучылішчах Узды, Стаўбцоў, Койданава. У 1913 г. экстэрнам здаў экзамен на званне народнага настаўніка, пачаў працаваць у школе в. Мнішана (Пяршайская воласць Мінскага павета).
У жніўні 1915 г. К. Крапіва быў прызваны ў армію і накіраваны ў Гатчынскую школу прапаршчыкаў. Служыў узводным афіцэрам у запасным батальёне ў Асташкаве Цвярской губерні, ваяваў на Румынскім фронце. У студзені 1918 г. дэмабілізаваўся і вярнуўся ў родную вёску.
У 1925 г. пісьменнік пераехаў у Мінск. Працуючы інструктарам у Цэнтральным бюро краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры, Кандрат Крапіва шмат ездзіў па Беларусі, што спрыяла знаёмству з беларускай культурай, традыцыямі і побытам насельніцтва. У 1926 г. паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у Беларускім дзяржаўным выдавецтве БССР, загадваў аддзелам у часопісе «Полымя рэвалюцыі». Член Саюза пісьменнікаў БССР (1934).
У верасні 1939 г. прызваны ў Чырвоную Армію, удзельнічаў у паходзе за вызваленне Заходняй Беларусі і савецка-фінляндскай вайне (1939-1940). Пасля дэмабілізацыі К. Крапіва актыўна ўключыўся ў работу АН БССР, быў выбраны членам-карэспандэнтам. У гады Вялікай Айчыннай вайны працаваў у газеце «За Савецкую Беларусь», якая выходзіла ў баявых умовах на розных франтах. З сакавіка 1943 г. і да канца вайны К. Крапіва з’яўляўся адказным рэдактарам сатырычнай газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», у 1945 г. узначаліў часопіс «Вожык». У 1947 г. пакінуў журналісцкую працу і перайшоў у АН БССР, загадваў сектарам мовазнаўства ў Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва. У 1950 г. – акадэмік АН БССР, у 1953 г. – доктар філалагічных навук. У 1952 г. пры акадэміі створаны Інстытут мовазнаўства, дырэктарам якога прызначылі К. Крапіву. З 1956 па 1982 г. з’яўляўся віцэ-прэзідэнтам АН БССР.
Кандрат Крапіва шмат зрабіў для развіцця беларускага мовазнаўства: рэдагаваў «Дыялектычны атлас беларускай мовы», «Руска-беларускі слоўнік», «Беларуска-рускі слоўнік», узначальваў Тэрміналагічную камісію Беларускай Савецкай Энцыклапедыі.
Творчую літаратурную дзейнасць К. Крапіва пачаў як паэт-сатырык. Першыя вершаваныя фельетоны былі надрукаваны ў газеце «Красноармейская правда» ў 1922 г. Напачатку асноўнымі жанрамі творчасці аўтара сталі байкі і сатырычныя вершы, многія з якіх увайшлі ў зборнікі «Асцё» і «Крапіва» (1925), «Байкі» (1927), «Пра нашых шкоднікаў, папоў ды ўгоднікаў» (1930), «Жаба ў каляіне» (1957) і інш.
Яскравасць, афарыстычнасць аўтарскага слова асабліва прыкметны ў яго байках, якія сталі ўзорам гэтага жанру ў беларускай літаратуры. Лепшыя з іх – «Вол і Авадзень», «Варона-мітынгоўшчыца», «Каршун і цецярук», «Дыпламаваны баран», «Ганарысты парсюк», «Сава, Асёл ды Сонца» і іншыя – увайшлі ў залаты фонд беларускай літаратуры. Акрамя сатырычных вершаў і фельетонаў К. Крапіва напісаў некалькі паэм: «Біблія» (1926), «Шкірута» (1928), «Хвядос – Чырвоны нос» (1931) і інш.
Найбольш значнае месца ў творчасці К. Крапівы займае драматургія. Першая п’еса пісьменніка «Канец дружбы» была напісана ў 1933 г. Падзеі Вялікай Айчыннай вайны адлюстраваны ў псіхалагічных драмах «Проба агнём» (1943), «З народам» (1948), «Людзі і д’яблы» (1958).
У канцы 1930-х гг. пісьменнік звярнуўся да жанру камедыі. Талент Крапівы-сатырыка раскрыўся на поўную моц у п’есах «Хто смяецца апошнім» (Дзяржаўная прэмія СССР, 1941), «Мілы чалавек» (1945), «Пяюць жаваранкі» (Дзяржаўная прэмія СССР, 1951). Вялікім дасягненнем драматурга стала камедыя «Брама неўміручасці» (Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Купалы, 1974), у якой аўтар востра паставіў пытанне аб сэнсе жыцця, месцы чалавека на зямлі. П’есы К. Крапівы не страцілі сваёй злабадзённасці, актуальнасці і сёння ўваходзяць у рэпертуар многіх тэатраў.
Творчая, навуковая і грамадская дзейнасць К. Крапівы адзначана многімі ганаровымі ўзнагародамі: народны пісьменнік БССР, Герой Сацыялістычнай Працы, заслужаны дзеяч навукі Беларусі; кавалер ордэнаў Леніна, Чырвонага Сцяга і Чырвонай Зоркі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай рэвалюцыі, Дружбы народаў, Айчыннай вайны ІІ ступені.
Імя Кандрата Крапівы прысвоена Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі, вуліцам у Мінску, Гродне, Уздзе, Смаргоні, Дзяржынску, Ганцавічах. У 1983 г. зняты дакументальны фільм «Кандрат Крапіва», у 2011 г. – мастацка-публіцыстычны «Загадкі дзеда Кандрата». У 2016 г. на Беларускім радыё адбылася прэм’ера радыёспектакля «Пісьмы, вернутыя з небыцця», прысвечанага невядомым старонкам біяграфіі пісьменніка.
Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (Facebook, Instagram, Telegram, VK).
Фота: Злата Лукашэвіч