Беларусь у асобах: Шамякін Іван Пятровіч
6 февраля 2026
Цікавае
Іван Пятровіч Шамякін нарадзіўся 30 студзеня 1921 г. у вёсцы Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і лесніка. Пасля заканчэння сямі класаў паступіў у Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў, актыўна ўдзельнічаў у пасяджэннях літаб’яднання пры газеце «Гомельская праўда».
Праз некаторы час І. Шамякіна прызвалі ў Чырвоную Армію. Служыў у зенітна-артылерыйскай часці пад Мурманскам. З самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях пад Мурманскам, Кандалакшай, Петразаводскам. У афіцэрскім званні закончыў вайну на Одэры. Настаўнічаў у в. Пракопаўка Церахоўскага раёна. У 1946 г. паступіў на завочнае аддзяленне Гомельскага педагагічнага інстытута імя В. Чкалава.
У 1950 г. скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КП(б)Б і ў хуткім часе пераехаў у Мінск. Быў прызначаны старшым рэдактарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва, працаваў галоўным рэдактарам альманаха «Советская Отчизна». Шмат гадоў І. Шамякін знаходзіўся на кіруючых пасадах у Саюзе пісьменнікаў Беларусі. У 1980-1992 гг. з’яўляўся галоўным рэдактарам выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, узначальваў Вярхоўны Савет БССР (1971-1985).
Мастацкія творы І. Шамякін пачаў пісаць у тэхнікуме. Першае апавяданне «У снежнай пустыні» (1944) прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Гуманістычнае асэнсаванне вайны як усенароднай трагедыі знайшло ўвасабленне ў першым рамане «Глыбокая плынь» (1947-1948). Самым маштабным у беларускай літаратуры творам аб вайне стала пенталогія «Трывожнае шчасце» (1957-1965), дзе лёс герояў асацыюецца з лёсам усяго пакалення, якое прайшло праз цяжкія выпрабаванні вайны, змагаючыся з ворагам на франтах і ў партызанскіх атрадах, і праз пасляваеннае аднаўленне народнай гаспадаркі.
Тэма вайны працягваецца таксама ў аповесцях «Шлюбная ноч» (1975), «Гандлярка і паэт» (1976), рамане «Зеніт» (1987).
Раманы пісьменніка «Сэрца на далоні» (1963), «Снежныя зімы» (1968), «Атланты і карыятыды» (1974), «Вазьму твой боль» (1978) і іншыя творы ўвайшлі ў залаты фонд беларускай літаратуры.
Іван Шамякін з’яўляецца таксама аўтарам п’ес «Не верце цішыні» (пастаўлена ў 1958 г.), «Экзамен на восень» (пастаўлена ў 1974 г.), «Залаты медаль» (пастаўлена ў 1980 г.) і інш. Літаратурна-крытычныя артыкулы, выступленні, успаміны, партрэты знаёмых і сваякоў змешчаны ў кнігах «Размова з чытачом» (1973), «Карэнні і галіны» (1986), у дзённікавых запісах «Начныя ўспаміны» (2002) і інш. Многія творы перакладзены на розныя мовы свету. Па некаторых зняты кінафільмы, пастаўлены тэатральныя спектаклі.
Іван Шамякін – народны пісьменнік Беларусі (1972), Герой Сацыялістычнай Працы (1981), акадэмік НАН Беларусі (1994). Узнагароджаны шматлікімі ордэнамі і медалямі. З’яўляецца лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР (1951), Літаратурнай прэміі імя Я. Коласа (1959), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа (1968), Літаратурнай прэміі Міністэрства абароны СССР (1978), Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне тэатральнага мастацтва, кінематаграфіі, радыё і тэлебачання (1982), Прэміі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі (2002). Імем пісьменніка названа адна з вуліц Мінска і Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт.
Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (Facebook, Instagram, Telegram, VK).
Фота: Злата Лукашэвіч