05.11.2024

Нарадзіўся Ігар Уладізміравіч Алоўнікаў 5 лістапада 1954 г. у Мінску ў сям'і народнага артыста Беларусі, кампазітара У. У. Алоўнікава. Музычную адукацыю атрымаў у сярэдняй спецыяльнай музычнай школе пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (клас заслужанага дзеяча мастацтваў, прафесара І. А. Цвятаевай). Яшчэ будучы вучнем школы, стаў лаўрэатам рэспубліканскага (Мінск), міжзанальнага (Вільнюс) і міжнароднага (ім. Б. Сметаны, Чэхаславакія) конкурсаў піяністаў. Навучаўся ў Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П. І. Чайкоўскага.

Ігар Алоўнікаў – саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі з 1980 г. Выступае як з сольнымі фартэпіяннымі і арганнымі праграмамі, так і ў камерных ансамблях з вядомымі салістамі-інструменталістамі, а таксама з сімфанічнымі і камернымі аркестрамі.

Найбольш значныя праекты выканаўцы – цыкл з 6 канцэртаў «Фантазіі для клавішных інструментаў» (арган, клавесін, фартэпіяна), манаграфічныя канцэрты з твораў І. С. Баха, Л. ван Бетховена, Ф. Шапэна, Р. Шумана, Ф. Ліста, І. Брамса, рускіх класікаў, беларускіх кампазітараў мінулага і сучаснасці. Арыгінальныя арганныя праграмы апошніх гадоў – «Шэсць стагоддзяў харала» і «Сем стагоддзяў свецкай музыкі», дзе былі прадстаўлены сачыненні ад XIV ст. да нашых дзён.

Ігар Алоўнікаў з'яўляецца аўтарам прыкладна ста канцэртных апрацовак (транскрыпцый) для фартэпіяна арганных, аркестравых і вакальных твораў сусветна вядомых музыкантаў, а таксама беларускіх кампазітараў: А. Багатырова, У. Алоўнікава, Г. Вагнера, Я. Глебава, С. Картэса, А. Мдзівані і інш.

Таксама І. Алоўнікаў з'яўляецца першым выканаўцам многіх твораў беларускіх аўтараў, такіх як Фартэпіянны канцэрт Л. Абеліёвіча, Фартэпіянны канцэрт і Саната «Спакуса» А. Кароткінай і інш. Пад яго рэдакцыяй выдадзена каля 20 зборнікаў фартэпіяннай музыкі беларускіх аўтараў («Музыка сям'і Ельскіх», «Музыка сям'і Агінскіх», фартэпіянныя сачыненні Я. Тарасевіча, Н. Орды, Ф. Міладоўскага, А. Абрамовіча, Я. Глебава і інш.).

Ігар Алоўнікаў з'яўляецца нязменным старшынёй журы міжнародных конкурсаў піяністаў у Беларусі. Таксама піяніст вядзе вялікую музычна-асветніцкую працу, штогод выступаючы з цыкламі лекцый па прафесійнай тэматыцы як у сістэме павышэння кваліфікацыі спецыялістаў, так і на розных форумах музыкаў у многіх гарадах Беларусі і замежжа.

Удастоены звання «Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь» (1986) і «Народны артыст Беларусі» (1998), а таксама Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1994). З 1996 г. – віцэ-прэзідэнт Беларускай асацыяцыі педагогаў фартэпіяна (БелЕРТА), з 2002 г. – ганаровы акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі. У 2006 г. І. Алоўнікаву прысвоена званне прафесара. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2005), нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2007), нагрудным знакам Саюза музычных дзеячаў Рэспублікі Беларусь (2012), Ганаровым знакам Беларускага прафсаюза работнікаў культуры (2014).

Па матэрыялах Беларускай дзяржаўнай філармоніі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (FacebookInstagramTelegram, VK).


Фота: НЦІУ
Вверх