Беларусь у асобах: Станіслаў Аляксандравіч Астапчык

5 сентября 2025

Цікавае

Станіслаў Аляксандравіч Астапчык нарадзіўся 7 верасня 1935 г. у Мар'інай Горцы Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці ў сям'і вайскоўца. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт імя У.І. Леніна (1960).

У 1966-м абараніў кандыдацкую дысертацыю, а ў 1979 г. – доктарскую. У той жа перыяд стаў загадчыкам лабараторыі металазнаўства. Са жніўня 1983 па 2002 г. з'яўляўся дырэктарам Фізіка-тэхнічнага інстытута, унёс выдатны ўклад у дасягненні і развіццё ўстановы.

Асноўныя працы С. Астапчыка прысвечаны стварэнню і апісанню фізічных асноў фазавых і структурных ператварэнняў у металах і сплавах пры ўздзеянні інтэнсіўных патокаў энергіі. Ім вывучаны і растлумачаны гістарэзіс рэкрышталізацыі і ператварэння ў шэрагу спецыяльных сплаваў, пабудавана якасная тэорыя гетэрагеннай тэрмакінетыкі.

На аснове распрацаванай тэорыі разумацавальных працэсаў і дысперсійнага ўмацавання пры хуткім нагрэве ў прыкладным плане былі вырашаны найважнейшыя народнагаспадарчыя задачы, створан шэраг прынцыпова новых тэхналагічных працэсаў у вытворчасці электратэхнічнай і аўталіставой сталі, асабліва танкасценных гафрыраваных труб, пругкіх элементаў.

Доўгія гады Станіслаў Астапчык паспяхова спалучаў навуковую працу і дзейнасць па кіраўніцтву навуковымі калектывамі. На працягу 10 гадоў ён з'яўляўся акадэмікам-сакратаром аддзялення фізіка-тэхнічных праблем машынабудавання і энергетыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Школа беларускіх навукоўцаў-металазнаўцаў, якую стварыў вучоны, шырока вядома не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.

С. Астапчык – аўтар больш за 140 навуковых прац, у тым ліку 7 манаграфій, 35 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (FacebookInstagramTelegram, VK).

Фота: НЦІУ