05.07.2024

Ян Чачот нарадзіўся 6 ліпеня 1796 г. у в. Малюшычы Навагрудскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці) у сям’і арандатара. Дзіцячыя гады будучага паэта прайшлі ў маёнтку Рэпіхава (зараз Ляхавіцкі раён), у якім бацька служыў аканомам у графа А. Тызенгаўза. У 1809 г. Я. Чачот паступіў у Навагрудскую дамініканскую школу. У 1815–1816 гг. вучыўся на аддзяленні маральных і палітычных навук Віленскага ўніверсітэта. Адсутнасць матэрыяльнай падтрымкі з боку сям’і вымусіла пакінуць вучобу і ўладкавацца на працу ў канцылярыю па ўпарадкаванні архіваў князёў Радзівілаў.

У 1817 г. у Віленскім універсітэце ўзнікла патрыятычнае студэнцкае таварыства філаматаў (ад грэчаскага philomathes – «аматар ведаў»), заснавальнікамі якога з’яўляліся Ю. Яжоўскі, Т. Зан, Ф. Малеўскі, А. Петрашкевіч і інш. Галоўнай мэтай была падрыхтоўка моладзі да рознабаковай дзейнасці, якая прадугледжвала глыбокае авалоданне разнастайнымі ведамі, замежнымі мовамі, заняткі ўласнай творчасцю. У 1818 г. актыўным удзельнікам таварыства стаў Я. Чачот. Ён быў прызнаны адным з найлепшых паэтаў краю, а яго вершы, пакладзеныя на музыку, сучаснікі спявалі падчас свят. З 1820 г. узначальваў літаратурны аддзел таварыства філарэтаў (ад грэчаскага philaretos – «аматар дабрадзейнасці»). У 1824 г. быў адпраўлены ў Арэнбург. У маі 1825 г., калі пагоршылася здароўе, пераехаў ва Уфу, потым у Цвер.

У 1833 г. Я. Чачот вярнуўся ў Беларусь, працаваў у кіраўніцтве Бярэзінскага канала на Лепельшчыне. У 1841 г. пераехаў на Навагрудчыну і ўладкаваўся ў Шчорсаўскую бібліятэку графа А. Храптовіча. Пасля смерці яе ўладальніка, не маючы работы і здароўя, Ян Чачот жыў у сяброў (у вёсках Бортнікі, Вольная, Далматаўшчына) і займаўся выданнем у Вільні зборнікаў беларускага фальклору, сабранага ім. Вясной 1847 г. выехаў на лячэнне ў Друскенікі, дзе і памёр. Пахаваны ў в. Ротніца (Літва).

Першыя вядомыя літаратурныя працы Я. Чачота з’явіліся каля 1818 г. Песні і вершы да студэнцкіх сходаў, урачыстасцей і вечарынак карысталіся найбольшай папулярнасцю. Яркія і запамінальныя, прасякнутыя сапраўднай народнасцю, яны знаёмілі з жыццём простага народа. Самы вялікі поспех сярод моладзі мелі вершы, напісаныя на беларускай мове, многія з якіх былі пакладзены на музыку: «Да пакіньце ж горла драць», «Заспяваем...», «Што старыя за вар’яты!», «Гэй, сябры, у гурт вясёлы!» і інш.

Сапраўднымі літаратурнымі шэдэўрамі сталі балады, створаныя Я. Чачотам у 1818–1819 гг., сярод якіх – «Свіцязь», «Бекеш», «Узногі», «Мышанка», «Калдычэўскі шчупак», «Наваградскі замак», «Радзівіл, альбо Заснаванне Вільні» і інш. У 1996 г. быў выдадзены ў перакладзе на беларускую мову вялікі цыкл песень-балад «Спевы пра даўніх ліцвінаў да 1434 г.». Напісаныя ў 1842–1844 гг., гэтыя творы паўтара стагоддзя знаходзіліся ў архіве. У апошнія гады жыцця Ян Чачот займаўся збіраннем беларускіх народных песень, казак, загадак, прыказак і іншых жанраў фальклору. У запісах імкнуўся захаваць асаблівасці беларускіх гаворак, дакладнасць у апісанні народных звычаяў і абрадаў. Сабраныя матэрыялы ў арыгінале і перакладзе разам з уласнымі вершамі і слоўнікам беларускай мовы былі выдадзены ў шасці зборніках пад назвай «Сялянскія песні» (1837–1846). Праца Яна Чачота не страціла каштоўнасці для навукі і зараз.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (FacebookInstagramTelegram).


Фота: НЦІУ
Вверх