Анатоль Іванавіч Алай нарадзіўся 4 кастрычніка 1940 г. у вёсцы Новы Быхаў Магілёўскай вобласці. Хлопчык захапіўся кіно яшчэ ў дзяцінстве. Пасля пераезду ў Мінск будучы аператар і рэжысёр часта наведваўся ў Мінскую студыю навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў, каб мець магчымасць хоць здалёк убачыць, як робіцца кіно. Там ён пазнаёміўся з тэхработнікамі, якія дапамаглі выпісаць часовы пропуск. З гэтага часу кожную свабодную хвіліну ён праводзіў на кінастудыі: працаваў у асвятляльнай брыгадзе, устанаўліваў прыборы, маляваў насценгазеты, выконваў любую работу.
Яго намаганні заўважылі ў 1961 г. і прынялі на кінастудыю «Беларусьфільм». Анатоль Іванавіч спачатку працаваў асістэнтам аператара, а пасля заканчэння факультэта журналістыкі БДУ (1972) працаваў аператарам, зняў больш за 100 дакументальных фільмаў. Асвоіў прафесію рэжысёра і ў 1988 г. дэбютаваў з яркім поўнаметражным фільмам «Не плачце па мне... » пра мастака Аляксандра Ісачова.
Галоўнай тэмай творчай дзейнасці А. Алая з’яўляецца Вялікая Айчынная вайна. Цікавасць да яе праявілася яшчэ падчас напісання дыпломнай работы, у якой будучы рэжысёр апісваў падзеі барацьбы з фашызмам у беларускім дакументальным кіналетапісе. Але галоўнай прычынай было тое, што ваеннае ліхалецце непасрэдна адбілася на яго лёсе. Анатоль Алай не памятае свайго бацькі, які быў ваенурачом і згінуў без звестак пасля жорсткіх баёў на Беластоцкім выступе. Ён жадаў высветліць лёс бацькі ці знайсці яго магілу. На жаль, мара рэжысёра не здзейснілася, але вынікам яго пошукаў стаў фільм «Яго схавалі ў шар зямны» (1989, прэмія Беларускай федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, 1991), прысвечаны бацьку.
Фільмаграфія рэжысёра ўключае шэраг фільмаў, якія выклікалі вялікі грамадскі рэзананс. Сярод іх – «Марынеска» (1990), «Чорны шлях» (Літаратурная прэмія імя А. Адамовіча, 1992), «Адрынуты» (1993), «Салдаты Італіі» (2002), «Сустрэча на Эльбе» (2005), «Чарнобыльскі крыж» (2006), «Уладзімір Бядуля» (2007), «Панцеляймон Панамарэнка» (2008) і інш. Памяць аб гістарычных падзеях ХХ ст. у стужках А. Алая спалучаецца з асаблівай увагай да асобы і высокай чалавечай годнасці. Героі Анатоля Алая – яркія асобы з незвычайным лёсам, біяграфіі якіх заўсёды выклікаюць эмацыянальны водгук у гледачоў. Менавіта такім прадстае перад намі герой фільма «Чырвоны д’ябал» (2004) Іван Фёдараў – лётчык-легенда, які, нягледзячы на дзёрзкія подзвігі, доўгі час заставаўся невядомым. У час Вялікай Айчыннай вайны ён камандаваў лётчыкамі-штрафнікамі, збіў 134 самалёты праціўніка, здзейсніў шэсць таранаў. Паспяхова выконваў самыя складаныя заданні і не згубіў ніводнага самалёта. За мужнасць і гераізм І. Фёдарава назвалі «чырвоным д’яблам».
Анатоль Іванавіч Алай з’яўляецца выдатнікам кінематаграфіі СССР (1972), лаўрэатам прызоў міжнародных кінафестываляў, заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі (2008), яму прысуджаны Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (2005), спецыяльны дыплом «За вяртанне забытага імя і ўзбагачэнне культурнай спадчыны народаў Беларусі і Расіі» (за кінастужку «Пётр Конюх», 2008).
Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Больш навін інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram, VK).