04.04.2025

Сусветна вядомы вучоны Барыс Уладзіміравіч Кіт унёс значны ўклад у развіццё касманаўтыкі. Яго імя занесена ў многія энцыклапедыі і даведнікі свету, а таксама запісана ў пералік выдатных сучаснікаў у «капсуле часу», замураванай у Капітоліі (Вашынгтон, ЗША).

Нарадзіўся Барыс Кіт 6 красавіка 1910 г. у Санкт-Пецярбургу. Бацька – служачы Міністэрства пошт і тэлеграфаў у Маскве, выхадзец з Навагрудчыны. У 1918 г. сям’я вярнулася на радзіму бацькі ў в. Агароднікі (зараз у складзе г. п. Карэлічы Гродзенскай вобласці). Барыс Кіт скончыў мясцовую народную школу (1926), Навагрудскую беларускую гімназію (1928) і паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя. Адначасова з навучаннем ва ўніверсітэце з 1931 г. працаваў выкладчыкам матэматыкі.

Вярнуўшыся ў родныя мясціны, Б. Кіт аднавіў і ўзначаліў беларускую гімназію ў Навагрудку (1939), быў акруговым інспектарам Баранавіцкай навучальнай акругі (1940), займаўся арганізацыяй пачатковых і сярэдніх беларускіх школ, выкладаў матэматыку ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце (1940-1941). Падчас акупацыі Беларусі нямецка-фашысцкімі захопнікамі некаторы час настаўнічаў у народнай школе ў в. Лебедзева (зараз – аграгарадок у Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці), займаўся арганізацыяй настаўніцкіх семінарый у Маладзечна і Паставах, заснаваў Адміністрацыйна-гандлёвы інстытут у Маладзечна. У канцы вайны Барыс разам з сям’ёй выехаў у Германію, дзе вучыўся на факультэце медыцыны Мюнхенскага ўніверсітэта (1945-1948).

У 1948 г. Барыс Уладзіміравіч эмігрыраваў у ЗША. Спачатку працаваў рабочым на фабрыках, пасля – хімікам у фармацэўтычных кампаніях. Прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці беларускіх эмігранцкіх таварыстваў, якія дапамагалі перасяленцам у працаўладкаванні. У далейшым яго запрасілі ў кампанію «North American Aviation», якая займалася касмічнымі праектамі. Быў навуковым супрацоўнікам, даследаваў якасці вадкага вадароду як будучага паліва касмічных ракетных сістэм. З 1963 г. Б. Кіт працаваў старшым навуковым супрацоўнікам аддзела касманаўтыкі Міжнароднай карпарацыі тэлефоннай і тэлеграфнай сувязі і Нацыянальнага бюро стандартаў ЗША, займаўся матэматычнай распрацоўкай сродкаў сувязі ў праектах касмічных караблёў, падрыхтаваў матэматычны разлік палётаў касмічных суднаў на Месяц. У 1968-1972 гг. з’яўляўся старшым экспертам-даследчыкам Дзяржаўнага інстытута сістэмнага аналізу Міністэрства абароны і транспарту ЗША. У гэты перыяд шмат выступаў з дакладамі, чытаў лекцыі па матэматыцы ў Мэрылендскім універсітэце, напісаў кнігі «Дапаможнік па ракетным паліве» (1960) і «Гісторыя і сучасны стан савецкай астранаўтыкі» (у суаўтарстве, 1964).

У 1972 г. Б. Кіт пераехаў у г. Франкфурт-на-Майне (Германія) і стаў прафесарам матэматыкі Еўрапейскага аддзела Мэрылендскага ўніверсітэта. У 1982 г. атрымаў ступень доктара філасофіі ў галіне матэматыкі і гісторыі навукі, абараніўшы дысертацыю на тэму «Антоні Зыгмунд, яго жыццё і яго ўклад у развіццё матэматыкі ХХ стагоддзя».

Барыс Уладзіміравіч Кіт з’яўляўся членам многіх навуковых таварыстваў свету, заслужаным (1987) і ганаровым (1990) прафесарам Мэрылендскага ўніверсітэта, акадэмікам Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі (Францыя, 1991). Ён быў адным з заснавальнікаў Міжнароднага астранаўтычнага таварыства Германа Оберта (ФРГ), акадэмікам і віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі (Расія). За ўклад у развіццё астранаўтыкі вучоны быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі.

Беларусь Барыс Кіт наведваў у 1990-я гг., амаль праз паўстагоддзя пасля ад’езду. У 1994 г. яго абралі ганаровым доктарам навук Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Быў ганаровым грамадзянінам Навагрудка, у сувязі з чым у мясцовым гісторыка-краязнаўчым музеі адкрылі аддзел, прысвечаны яго жыццю і дзейнасці. На кінастудыі «Беларусьфільм» пра вучонага зняты дакументальны фільм (1995).

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (FacebookInstagramTelegram, VK).

Фота: НЦІУ

Вверх