Іван Іванавіч Гарачоў нарадзіўся 1 кастрычніка 1935 г. у горадзе Акцябрскім Самарскай вобласці. Пасля заканчэння ў 1959 г. Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута па спецыяльнасці «вучоны заатэхнік», працаваў заатэхнікам саўгаса «Беларусь» Гродзенскага раёна. З 1964 па 1967 г. працаваў асістэнтам кафедры анатоміі і фізіялогіі Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута, затым навучаўся ў аспірантуры Беларускага навукова-даследчага інстытута жывёлагадоўлі Акадэміі навук Беларусі.
Абараніў дысертацыю на суісканне вучонай ступені кандыдата біялагічных навук на тэму «Асаблівасці эмбрыянальнага росту і развіцця розных папуляцый качак, якія разводзяцца ў Беларусі» (1972). З мая 1971 г. працаваў на пасадзе малодшага, старэйшага, а затым вядучага навуковага супрацоўніка аддзела кармлення сельскагаспадарчых жывёл БелНДІЖ. У 1993 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Аптымізацыя вітамінна-мінеральнага харчавання высокапрадукцыйнай малочнай жывёлы». З 1994 па 2001 г. узначальваў лабараторыю кармлення малочнай жывёлы, а з 2002 па 2008 г. працаваў вядучым навуковым супрацоўнікам гэтай жа лабараторыі.
Таксама І. Гарачоў працаваў прафесарам кафедры тэхналогіі вытворчасці прадукцыі і механізацыі жывёлагадоўлі Віцебскай ордэна «Знак Пашаны» дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, дзе выкладаў навучальныя дысцыпліны «жывёлагадоўля», «малочная справа», удзельнічаў у працэсе перападрыхтоўкі кіруючых кадраў па лініі факультэта павышэння кваліфікацыі акадэміі, выступаў на семінарах.
Прафесар Іван Гарачоў падрыхтаваў 1 доктара навук, 8 кандыдатаў навук. Ім апублікавана звыш 230 работ, у тым ліку 2 манаграфіі, 4 брашуры, 3 вучэбна-метадычных дапаможнікі, 8 рэкамендацый, 2 аўтарскія пасведчанні і 7 патэнтаў па выніках даследаванняў.
Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram, VK).
Фота: НЦІУ