Карысныя рэсурсы ў сферы інтэлектуальнай уласнасці: WIPO Lex для працы з юрыдычнай інфармацыяй

2 сентября 2025

Цікавае

Распрацаваны Сусветнай арганізацыяй інтэлектуальнай уласнасці (САІУ) партал WIPO Lex уяўляе сабой бясплатную базу даных, якая змяшчае звязаныя з інтэлектуальнай уласнасцю міжнародныя дагаворы САІУ, адпаведнае нацыянальнае заканадаўства вялікай колькасці краін і каталог судовых рашэнняў па справах, што тычацца інтэлектуальных правоў. Яго патэнцыяльнымі карыстальнікамі з'яўляюцца юрысты, прадстаўнікі судовай сістэмы, нацыянальныя і рэгіянальныя патэнтныя ведамствы, а таксама студэнты і аспіранты профільных спецыяльнасцяў.

WIPO Lex дае доступ больш чым да 50 000 законаў, дагавораў і рашэнняў суда, прынятых у краінах, рэгіёнах і судовых калегіях усяго свету. Карыстальнікі могуць знайсці і вывучыць дакументы, пасартаваныя па іх тыпах, а таксама атрымаць выбарку тэкстаў па канкрэтных юрысдыкцыях. Акрамя таго, у WIPO Lex убудаваныя элементы штучнага інтэлекту, якія забяспечваюць пераклад матэрыялаў на выбраную мову.

Кожны прысутны на партале юрыдычны дакумент забяспечаны указаннем яго нумара, года прыняцця і ўнясення ўсіх змяненняў. У выпадку траплення ў вынікі пошуку неактуальнай версіі дакумента на старонцы аўтаматычна генеруецца спасылка на яго апошнюю версію. Такія магчымасці партала WIPO Lex робяць яго яшчэ больш зручным і папулярным сярод спецыялістаў па інтэлектуальнай уласнасці.

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (FacebookInstagramTelegram, VK).

Фота: НЦІУ