Беларусь у асобах: Нікандраў Віталь Мікалаевіч
2 августа 2024
Цікавае
Віталь Мікалаевіч Нікандраў нарадзіўся 4 жніўня 1949 г. у Лідзе (Гродзенская вобласць). У 1971 г. скончыў ветэрынарны факультэт Віцебскага ветэрынарнага інстытута. Працаваў лабарантам бактэрыялагічнага аддзела раённай ветэрынарнай лабараторыі Гарадка (Віцебская вобласць). У 1975 г. скончыў аспірантуру па спецыяльнасці «біяхімія» Беларускага навукова-даследчага ветэрынарнага інстытута. З 1975 г. працаваў у Беларускім НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Міністэрства аховы здароўя БССР малодшым (1975), старшым (1975-1978) навуковым супрацоўнікам, кіраўніком лабараторыі і аддзела (1978-2008).
Абараніў кандыдацкую дысертацыю па біяхіміі на тэму «Уплыў хлорфенаксікіслот на актыўнасць некаторых ферментаў вугляводна-энергетычнага абмену ў жывёльным арганізме» (БДУ ім. Леніна, 1975). У 1989 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Стрэптакіназа. Структурныя і функцыянальныя ўласцівасці» (Універсітэт дружбы народаў, Масква). Прафесар біяхіміі (1995).
З 1998 г. В. Нікандраў працаваў загадчыкам лабараторыі рэгуляторных бялкоў і пептыдаў Інстытута фізіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 2013 па 2017 г. – загадчык кафедры хіміі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка. З верасня 2017 г. па цяперашні час – прафесар кафедры біятэхналогіі Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Многія гады Віталь Мікалаевіч з’яўляецца членам Агульнага сходу НАН Беларусі, Савета па праблемах біятэхналогіі пры НАН Беларусі, праўлення Беларускага біяхімічнага таварыства, членам рэдкалегій часопісаў «Навіны медыка-біялагічных навук» і «Весткі НАН Беларусі. Серыя медыцынскіх навук», экспертнага савета Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў, членам Рэспубліканскага экспертнага савета па школьных праграмах навучання пры НАН Беларусі, старшынёй экспертнага савета Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь.
Віталь Нікандраў – аўтар 15 аўтарскіх пасведчанняў і больш за 45 патэнтаў на вынаходствы (у тым ліку ў суаўтарстве). Узнагароджаны нагрудным знакам «Вынаходнік СССР» (1986), дыпломам I ступені ВДНГ БССР (1988), прэміяй Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2003). Ганаровы прафесар Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны (2013).
Па матэрыялах Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).
Фота: НЦІУ