02.05.2025

Мікалай Міхайлавіч Аляхновіч нарадзіўся 2 мая 1935 г. у вёсцы Варонічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці. У 1957 г. скончыў фізіка-матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яшчэ будучы студэнтам пачаў навуковую дзейнасць у фізіка-тэхнічным інстытуце Акадэміі навук Беларусі. З 1959 г. Мікалай Аляхновіч працаваў ў аддзяленні, а затым у Інстытуце фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі, дзе прайшоў шлях ад малодшага навуковага супрацоўніка да дырэктара інстытута. Адначасова з 1997 па 2002 г. М. Аляхновіч – акадэмік-сакратар аддзялення фізікі, матэматыкі і інфармацыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАН). З 2004 г. – галоўны навуковы супрацоўнік Аб'яднанага інстытута фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў НАН Беларусі, з 2007 г. – Навукова-практычнага цэнтра па матэрыялазнаўству НАН Беларусі.

Навуковыя працы М. Аляхновіча прысвечаны пытанням фізікі цвёрдага цела, крышталафізіцы. У абароненай у 1963 г. кандыдацкай дысертацыі ён вывучыў прасторавае размеркаванне электроннай шчыльнасці ў крышталях паўправаднікоў, якое можна выкарыстоўваць для вызначэння іх фізічных характарыстык. З 1967 г. Аляхновіч вывучаў дэфекты ў рэальных крышталях, распрацаваў рэнтгенаўскі дыфракцыйна-палярызацыйны метад аналізу крышталяў, даследаваў з'явы двухпромневага праламлення і дэпалярызацыі рэнтгенаўскага выпраменьвання на дыслакацыях, эфект таўшчынных асцыляцый інтэнсіўнасці рассейвання рэнтгенаўскіх прамянёў, што дазваляе вызначаць тыпы і колькасць дэфектаў. Ён развіў падыход для апісання фазавых ператварэнняў крышталяў тыпу пераўскіта, унёс значны ўклад у стварэнне новых матэрыялаў, якія могуць быць выкарыстаны ў цвёрдацельнай электроніцы.

Гэтыя даследаванні і склалі аснову дысертацыі на атрыманне вучонай ступені доктара фізіка-матэматычных навук, якая была абаронена ў 1987 г. У 1989 г. Мікалай Аляхновіч абраны членам-карэспандэнтам, а ў 1996 г. – акадэмікам Акадэміі навук Беларусі. У 1991 г. яму прысвоена званне прафесара, а ў 1999 г. – заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь.

Мікалай Аляхновіч – аўтар 19 вынаходстваў і больш за 300 навуковых прац.

Па матэрыялах Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (FacebookInstagramTelegram, VK).


Фота: НЦІУ
Вверх