Беларусь у асобах: Некрашэвіч Ілья Рыгоравіч

1 августа 2025

Цікавае

Нарадзіўся Ілья Рыгоравіч Некрашэвіч 2 жніўня 1905 г. у Мазыры (Гомельская вобласць) у сям’і рабочага. Пасля навучання ў сярэдняй школе працаваў памочнікам электраманцёра на мазырскай электрастанцыі. Скончыў фізіка-матэматычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1927) і аспірантуру Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1931), атрымаў дыплом выпускніка МДУ па спецыяльнасці «радыёфізіка».

З 1931 г. працаваў у БДУ асістэнтам, дацэнтам, з 1937 г. – загадчыкам кафедры агульнай фізікі. З 1931 па 1937 г. па сумяшчальніцтве старшы навуковы супрацоўнік Фізіка-тэхнічнага інстытута Акадэміі навук БССР. У 1938 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю.

У даваенны перыяд выконваў навуковыя даследаванні па фізіцы звышвысокіх частот, па фізіцы паўправаднікоў і па вывучэнні з'яў у кропкавых кантактах метал-паўправаднікоў. Выявіў і вывучыў інверсію выпроствання паўправадніковых дэтэктараў. Адзін з распрацоўшчыкаў міграцыйнай тэорыі электраэрозіі.

З ліпеня 1941 г. – член падпольнай групы ў акупаваным немцамі Мінску. З кастрычніка 1943 г. – баец партызанскага атрада 2-й Мінскай краснапартызанскай брыгады. Узнагароджаны ордэнам Леніна, за ўдзел у партызанскім руху – ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалём «Партызану Айчыннай вайны» I ступені.

З чэрвеня 1944 г. – дацэнт, з 1945 г. – загадчык кафедры агульнай фізікі БДУ (пазней кафедра радыётэхнікі і фізічнай электронікі). З 1948 г. па сумяшчальніцтве загадчык лабараторыі электрафізікі Фізіка-тэхнічнага інстытута АН БССР (да 1957, затым яе навуковы кіраўнік). Прафесар (1960). Аўтар шматлікіх навуковых прац у галіне фізікі плазмы.

У 1980 г. перадаў загадванне кафедрай свайму вучню А. Лабудзе, застаючыся прафесарам, а затым прафесарам-кансультантам кафедры да канца свайго жыцця.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (FacebookInstagramTelegram, VK).

Фота: НЦІУ