Апублікаваны Закон Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні законаў па пытаннях прававой аховы аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці»
28 июля 2026
Афіцыйна
25 ліпеня 2026 года на Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь апублікаваны Закон Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2026 г. № 170-З «Аб змяненні законаў па пытаннях прававой аховы аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці». Работа над дакументам вялася на працягу двух з паловай гадоў.
Законам унесены змяненні ва ўсе спецыяльныя законы Рэспублікі Беларусь у сферы інтэлектуальнай уласнасці, а таксама ў Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь, законы Рэспублікі Беларусь «Аб навукова-тэхнічнай інфармацыі» і «Аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг)». Дакумент накіраваны на ўдасканаленне заканадаўства ў сферы інтэлектуальнай уласнасці, аптымізацыю адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці, прывядзенне нарматыўных прававых актаў у адпаведнасць з Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь і ўрэгуляванне асобных пытанняў правапрымяняльнай практыкі.
У мэтах аптымізацыі адміністрацыйных працэдур Законам прадугледжана скарачэнне тэрмінаў здзяйснення шэрагу юрыдычна значных дзеянняў, звязаных з прадастаўленнем прававой аховы аб'ектам права прамысловай уласнасці. У прыватнасці, тэрмін правядзення экспертызы пазначэння, заяўленага на рэгістрацыю ў якасці таварнага знака, скарачаецца з двух гадоў да аднаго года, тэрмін публікацыі звестак аб выдачы патэнта — з трох месяцаў да дваццаці працоўных дзён, а тэрмін выдачы пасведчанняў на таварныя знакі і геаграфічныя пазначэнні — з аднаго месяца да пяці працоўных дзён. Акрамя таго, заяўнікі вызваляюцца ад неабходнасці прадстаўляць дакумент аб уплаце патэнтнай пошліны — замест гэтага ў заяўных дакументах будуць паказвацца звесткі, якія пацвярджаюць яе аплату.
Закон таксама прадугледжвае ўдасканаленне прававога рэгулявання дзейнасці патэнтных павераных, канкрэтызацыю палажэнняў аб службовых аб'ектах права прамысловай уласнасці і выплаце ўзнагароджання іх аўтарам, а таксама замацаванне асобных паўнамоцтваў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях у сферы інтэлектуальнай уласнасці.
Істотныя змяненні ўнесены ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб аўтарскім праве і сумежных правах». У прыватнасці, пашыраны пералік выпадкаў выкарыстання музычных твораў без дазволу аўтара, але з выплатай яму ўзнагароджання, а таксама ўведзены новы для нацыянальнага заканадаўства механізм прымусовай ліцэнзіі, які прадугледжвае магчымасць па дазволе ўпаўнаважанага органа выкарыстоўваць аб'екты аўтарскага права і сумежных праваў у выпадках, устаноўленых заканадаўствам, без згоды праваўладальніка, але з абавязковай выплатай яму ўзнагароджання.
Законам устаноўлены розныя тэрміны ўступлення яго палажэнняў у сілу. Змяненні ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб аўтарскім праве і сумежных правах», якія патрабуюць прыняцця падзаконных нарматыўных прававых актаў, уступяць у сілу 26 студзеня 2027 года. Большасць змяненняў, якія датычацца аб'ектаў права прамысловай уласнасці, дзейнасці патэнтных павераных і асобных палажэнняў Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь, пачнуць прымяняцца з 26 ліпеня 2027 года. Астатнія палажэнні Закона, уключаючы нормы аб прымусовай ліцэнзіі, уступілі ў сілу 26 ліпеня 2026 года.
Больш падрабязна з інфармацыяй аб змяненнях, прадугледжаных Законам, можна азнаёміцца па спасылцы.
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram, VK).
Фота: Злата Лукашэвіч