Пайшоў з жыцця Алег Уладзіміравіч Жукаў
1 ноября 2024
Падзеі
31 кастрычніка 2024 г. пайшоў з жыцця Алег Уладзіміравіч Жукаў, беларускі паэт-песеннік, кампазітар, сцэнарыст, выканаўца. На яго рахунку больш за 300 песень, якія напісаны для вядомых беларускіх і расійскіх выканаўцаў, такіх як Ю. Антонаў, Л. Лешчанка, М. Баскаў, Л. Доліна, Я. Паплаўская і А. Ціхановіч, А. Саладуха, Алеся, А. Ярмоленка, Герман, І. Дарафеева, У. Ухцінскі, В. Плотнікава, «Песняры», арт-група «Беларусы» і інш.
Алег Жукаў нарадзіўся 1 студзеня 1937 г. у Днепрапятроўску. Песеннай творчасцю стаў займацца яшчэ са школьных гадоў. На прафесійным узроўні ён стаў працаваць з 1967 г., калі з'явіліся песні, напісаныя сумесна з Ю. Антонавым.
У ліку шырока вядомых песень А. Жукава: «Люди встречаются», «Не гаснут костры», «Любви навстречу сделай шаг», «Наташка», «Любовь уходит, не прощаясь», «Малиновое лето», «Давай сегодня встретимся», «Нам снова 25» і інш.
Слухачам і гледачам добра знаёмыя гімны музычных фестываляў «Славянскі базар», «Залаты шлягер», конкурсу «Тэлевяршыня», аўтарам якіх таксама з'яўляецца Алег Уладзіміравіч.
Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці прыносіць спачуванні родным і калегам Алега Уладзіміравіча Жукава.
Фота: belnovosti.by/