На шляху да фіналу конкурсу ў сферы вынаходніцтва «Лепшы патэнт Беларусі»: ААТ «Гомельскі завод ліцця і нармалей»

30 сентября 2024

Падзеі

Па папярэдніх выніках конкурсу ў сферы вынаходніцтва «Лепшы патэнт Беларусі» вызначаны 15 фіналістаў, адным з якіх стала адкрытае акцыянернае таварыства «Гомельскі завод ліцця і нармалей». Указаная арганізацыя вырабляе сельскагаспадарчыя машыны, больш за 100 найменняў прычапной і навясной тэхнікі.

На конкурс прадстаўлены распрацаваны ААТ «Гомельскі завод ліцця і нармалей» «Спосаб вырошчвання соі і жатка для яе ўборкі», які ахоўваецца патэнтам на вынаходства Рэспублікі Беларусь № 24043.

Асаблівасцю соі з'яўляецца тое, што значная частка яе струкоў з бабамі размяшчаецца каля паверхні зямлі. Таму яе ўборка з палёў з найменшымі стратамі ўраджаю патрабуе зрэзу сцябла як мага бліжэй да кораня.

Менавіта прадстаўленае вынаходства забяспечвае аднолькавы зрэз сцеблаў соі па ўсёй даўжыні рэжучага апарата, уключаючы западзіны паверхні глебы, за кошт ўдасканаленай канструкцыі прывада рэжучага апарата, што адрознівае ад раней вядомых рашэнняў. Яно дазваляе механізаваным шляхам скараціць страты соі пры яе ўборцы за кошт зразання сцеблаў пад корань. А гэта, у сваю чаргу, якасна і з найменшымі працавыдаткамі забяспечвае ўборку культур з нізкім размяшчэннем бабоў на раслінах, памяншае страты збіраных бабовых, тым самым павялічвае іх збор.

Дадзенае тэхнічнае рашэнне па патэнце на вынаходства Рэспублікі Беларусь № 24043 прымяняецца ў жняярцы для ўборкі соі з шырынёй захопу 7 або 9 метраў, якая агрэгатуецца на камбайны вытворчасці ААТ «Гомсельмаш».

Нагадаем, што вызначэнне пераможцы конкурсу і ўзнагароджанне адбудзецца ў рамках IV Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Інтэлектуальная ўласнасць у сучасным свеце: выклікі часу і перспектывы развіцця», якая пройдзе 22-23 кастрычніка 2024 г.

Жадаем поспеху фіналісту конкурсу «Лепшы патэнт Беларусі»!

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (FacebookInstagramTelegram, VK).


Фота: Ніна Дубовік